Хапун на Прывакзальнай плошчы ў Мінску 3 ліпеня 2011 года, photo.bymedia.net

Хапун на Прывакзальнай плошчы ў Мінску 3 ліпеня 2011 года, photo.bymedia.net

Пра тое, што ў цывільным па серадах працавалі сілавікі, заявіў старшыня УУС Берасцейскага аблвыканкаму Уладзімір Сычэўскі.

Паводле чыноўніка, падчас «народных гулянняў» па серадах міліцыя працавала строга ў межах закону.

«Нікога з затрыманых міліцыянты не зневажалі.

Людзі ў цывільным адзенні – гэта супрацоўнікі міліцыі.
Як рыхтаваліся да сваёй працы арганізатары акцыі, гэтак сама рыхтавалася і міліцыя. У апошніх акцыях пераважна былі задзейнічаныя групы ў складзе афіцэра і двух сяржантаў», - распавёў спадар Сычэўскі.

Уладзімір Сычэўскі сцвярджае, што міліцыя паводзілася карэктна. «У пракуратуру гораду не паступіла ніводнай заявы ад затрыманых з абскарджаннем дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Чыноўнік дадае, што міліцыя дзеяла ва ўзмоцненым рэжыме, бо рашэннем уладаў вызначаныя асобныя месцы для мітынгаў і маніфестацыяў. У Берасці гэта парк воінаў-інтэрнацыяналістаў і стадыён «Лакаматыў». Дарэчы, берасцейскія міліцыянты нібыта разглядалі ў якасці аднаго з варыянтаў забіраць людзей падчас маўклівых акцыяў у цэнтры гораду і адвозіць іх на дазволеныя для сустрэчаў пляцоўкі.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна»,

за час акцыяў па серадах у Берасці затрымалі каля сотні чалавек.
У большасці выпадкаў іх вінавацілі ў дробным хуліганстве і каралі штрафамі або арыштамі ад 5 да 15 дзён.

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч тлумачыць, што паводле закону міліцыянты маюць права працаваць у цывільным: «Але разам з тым, яны абавязаныя дзеяць у межах закону. Гэта значыць, што

пры затрыманні прадстаўляцца, называць прычыну затрымання і не выкарыстоўваць беспадстаўна фізічнай сілы.
Але ў Берасці, як па ўсёй краіне, праваабаронцы і журналісты зафіксавалі адваротныя выпадкі. Цяпер, калі старшыня берасцейскай міліцыі сказаў, кім былі гэтыя людзі ў цывільным, трэба звяртацца са скаргамі ў пракуратуру».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?