Адбыўшы 6 месяцаў арышту за кратамі, праваабаронца й сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Іван Крук не зьмяніў сваіх палітычных поглядаў.

Іван Крук быў асуджаны 15 траўня 2006 году – паводле абвінавачаньня ў супраціве міліцы ‑‑ на 6 месяцаў арышту.

Нявольнік адбыў увесь тэрмін пакараньня, і яго павінны былі адпусьціць а 10‑й гадзіне раніцы, а вывезьлі за горад за гадзіну раней.

Крук: «Я толькі выйшаў на вуліцу, а мяне адразу садзяць у міліцэйскую машыну. Завезьлі аж за 50 кіламэтраў да пастаўскага перакрыжаваньня й там пакінулі».

Спадар Крук кажа, што за гэтыя 6 месяцаў не зьмяніў сваіх палітычных перакананьняў і што менавіта за гэта сукамэрнікі з павагай ставіліся да яго.

Асаблівай сілы ў турме надавалі лісты з волі, за што Крук удзячны ўсім, хто яго не забываў:

Крук: «Я атрымаў больш за 90 віншаваньняў з Новым годам ‑‑ з Прагі, Бэльгіі, Вільні, ад палітычных партый й журналістаў, навукоўцаў, ад цэлых сем’яў. Перад усімі нізка за гэта схіляю галаву. Часам, калі чытаў лісты, нават сьлёзы пяклі ў вачах».

Спадар Крук цьвердзіць, што галасаваць у нядзелю не пойдзе, але з панядзелка зоймецца ізноў палітычнай і праваабарончай дзейнасьцю.

Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Іван Крук актыўна зьбіраў подпісы за Аляксандра Казуліна й Аляксандра Мілінкевіча. Тады ж міліцыянты ўчынілі ператрус у ягонай кватэры: няпаўнагадовага сына падазравалі ў крадзяжы грошай. Нічога не знайшоўшы, канфіскавалі некалькі асобнікаў недзяржаўных бюлетэняў, а потым зацікавіліся кампутарам.

Крук адмовіўся аддаваць апаратуру. А як міліцыянты сілком сталі вырываць сыстэмны блёк, ён кінуў кампутар на падлогу й разьбіў.

Менавіта гэтыя дзеяньні І.Крука былі прызнаныя судом за гвалтоўныя ў дачыненьні да супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Івану Круку 62 гады. Каля паловы зь іх адпрацаваў у праваахоўных органах. Ён адзін з апошніх актывістаў Гарадзеншчыны, прызнаных вязьнямі сумленьня, хто выходзіць на волю. У Менскай турме застаецца ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. А ягоны сябра Юры Лявонаў адбывае пакараньне ў Баранавічах.

Некалькі месяцаў таму на волю выйшаў актывіст са Шчучына Сяргей Ляшкевіч, асуджаны на 5 месяцаў за, нібыта, падрыхтоўку тэрарыстычных актаў. Пакараньне два з паловай гады за абразу А.Лукашэнкі адбылі Валеры Леванеўскі й ягоны сябра Аляксандар Васільеў.

Фота з сайту Аб'яднанай грамадзянскай партыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?