У мэтах стабілізацыі становішча на дарогах Беларусі, арганізацыі бяспекі дарожнага руху 5–7 жніўня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць масаваную адпрацоўку асноўных аўтадарог і месцаў канцэнтрацыі ДТЗ. Спецпадраздзяленне дарожна-патрульнай службы ДАІ «Страла» будзе адпрацоўваць Дзяржынскі і Стаўбцоўскі раёны.

Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ МУС, пры наглядзе за дарожным рухам падчас негалоснага і змяшанага кантролю максімальна задзейнічаны ўсе наяўныя тэхнічныя сродкі кантролю за хуткаснымі рэжымамі. Акрамя таго, паводле прыкладу Мінскай вобласці па ўсёй краіне будуць актыўна выкарыстоўвацца аўтаматызаваныя комплексы «Аўтаўраган», якія дазваляюць эфектыўна выяўляць вадзіцеляў без правоў. З дапамогай гэтай сістэмы, не затрымліваючы транспартны паток, можна ідэнтыфікаваць па нумарных знаках аўтамабілі і выявіць па базе даных тыя, чые ўладальнікі не маюць права кіравання транспартнымі сродкамі або былі пазбаўлены яго за правапарушэнні за рулём, а таксама пазбаўлены права, але не здалі вадзіцельскае пасведчанне ва ўстаноўленым парадку.

Толькі ў першым паўгоддзі па віне вадзіцеляў, якія не маюць правоў, на дарогах краіны адбылося 271 ДТЗ, у якіх 48 чалавек загінулі і 300 атрымалі раненні. У кожным другім выпадку вадзіцелі знаходзіліся за рулём у нецвярозым стане.

У большасці выпадкаў «бяспраўнікі» — гэта вадзіцелі, пазбаўленыя права кіравання транспартнымі сродкамі за грубыя парушэнні ПДР, такія як перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў абгону і кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.

ДАІ папярэджвае, што за ваджэнне без права кіравання транспартным сродкам вадзіцелю пагражае штраф да 700.000 рублёў, а за паўторнае такое парушэнне закону на працягу года можна пазбавіцца амаль двух мільёнаў рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?