У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся занепакоеныя ваўкавыскія чытачы з паведамленнем, што ў мясе жывёлы, дастаўленай на мясцовы мясакамбінат, знойдзенае шаленства. І супрацоўнікам прадпрыемства робяцца прышчэпкі ад гэтага захворвання.

Адзін з працаўнікоў мясакамбіната, з якім удалося звязацца журналісту «НН», паведаміў, што ў падчас забою ската ў некалькіх асобін былі выяўлены сімптомы шаленства. Падазроныя тушы адразу адправілі на экспертызу. Іх мяса патрапіць у прадукцыю прадпрыемства не магло. На камбінат былі выкліканы спецыялісты ветэрынарнай інспекцыі і галоўурач санэпідэмстанцыі Ваўкавыска.

Інфармацыю пацвердзіў газеце «Вечерній Гродно» галоўны дзяржветінспектар Гродзенскай вобласці Мікалай Кот, 2 жніўня экспертыза пацвердзіла наяўнасць вірусу ў даследаваным мясе. Аднак знайдзенае шаленства з’яўляецца прыроднай формай гэтай хваробы (асноўныя пераносчыкі — лісы). Гэта не было асабліва небяспечнае каровіна шаленства. Таксама спецыяліст запэўніў, што няма падставы хвалявацца за якасць астатняй мясной прадукцыі Ваўкавыскага мясакамбіната. Вірус шаленства гіне пры тэрмічнай апрацоўцы, якую праходзяць усе тушы жывёлы, і не можа нашкодзіць чалавечаму здароў’ю.

Хворая худоба трапіла на камбінат з фермы «Малькавічы» СВК «Азяранскі» Мастоўскага раёна.

Цяпер тыя тушы знішчаныя, а на ферме праводзіцца вакцынацыя скаціны. Таксама зрабілі прышчэпкі забойшчыкам з мясакамбіната.

У самім Ваўкавыску гэтую шараговую справу трымалі ў таямніцы. У прыёмнай Ваўкавыскага мясакамбіната 4 жніўня журналісту «НН» катэгарычна адказалі, што ніякага шаленства ў жывёлы, якую закупляе прадпрыемства, няма. Інакш кажучы, зманілі. У ваўкавыскай санэпідэмстанцыі далі такі ж адказ, дадаўшы, што ніхто з мясакамбіната не паведамляў ім пра выпадкі шаленства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?