Алесь Бяляцкі затрыманы на 10 сутак, паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка. Паводле яе слоў, пра гэта сёння вечарам яго жонку Наталлю Бяляцкую праінфармаваў следчы.

 photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

Бяляцкага перавезлі з камеры дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК у следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.
Як паведаміла Равяка, жонка паспела ўбачыцца з ім і перадаць яму прадукты, адзенне і прадметы асабістай гігіены.
«Алесь адчувае сябе нармальна, падаўленым не выглядае. Ён не страціў бадзёрасці духу»
, — паведаміла Таццяна Равяка.

Згодна з заканадаўствам, пасля заканчэння 10 сутак, адлік якіх вядзецца з моманту затрымання, следчыя органы павінны будуць выставіць Бяляцкаму абвінавачанне, выпусціць яго з СІЗА або працягнуць тэрмін яго ўтрымання пад вартай.

***

Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы вечарам 4 жніўня ў Мінкску супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследавнаняў Камітэта дзяржкантролю. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 КК). Максімальнае пакаранне згодна з гэтым артыкулам — пазбаўленне волі на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Як паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, у канцы чэрвеня падатковая інспекцыя падала Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі аб сродках, што паступілі ад замежных арганізацый на яго рахунак у літоўскім банку Nord. Падатковыя інспектары палічылі гэтыя сродкі ўтоеным даходам. У пачатку ліпеня такі ж акт, але са звесткамі па літоўскім банку SEB, быў пададзены самому Стэфановічу. Аднак сума, выяўленая на рахунку Стэфановіча, не такая значная, каб у дачыненні да яго можна было распачаць крымінальную справу.

«Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, — заявіў Стэфановіч. — Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці даходу». Ён падкрэсліў, што беларускія праваабаронцы за гады сваёй дзейнасці падтрымалі тысячы грамадзян, чые правы былі парушаныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?