(4.09.1928 – 4.08.2011)

4 жніўня 2011 г. адышоў у іншы свет вядомы беларускі археолаг Яраслаў Звяруга. Яго даследаванні былі прысвечаны гісторыі рэгіёну Верхняга Панямоння ў раннім Сярэднявеччы. Ён адкрыў і ўвёў у навуковы ўжытак больш за 30 помнікаў археалогіі і, як даследчык гэтага рэгіёна, непазбежна сутыкаўся з праблемаю балта-славянскіх кантактаў. Пішучы пра ІХ—ХІІІ ст. Звяруга зазначаў, што “славяне сутыкнуліся ў Панямонні не з бязлюднымі прасторамі, хоць былі і такія (напрыклад, Гарадзенская і Налібоцкая пушчы), а густа населенымі землямі з даўнімі земляробчымі і жывёлагадоўчымі традыцыямі”.

Як і ў любога дасведчанага археолага, у Яраслава Звяругі былі незвычайныя знаходкі і свае забаўныя гісторыі. У Ваўкавыску, які ўвогуле быў фенаменальным цэнтрам кастарэзнай вытворчасці, на Шведскай гары археолаг упершыню ў Беларусі знайшоў косткі паўліна.

Яраслаў Звяруга паходзіў з Заходняй Беларусі – ён нарадзіўся ў Мядзелі. У 1950—1970 гадах у мінскім акадэмічным асяроддзі ўраджэнцам Заходняй Беларусі прыходзілася дэманстраваць дадатковую лаяльнасць, каб дасягнуць нейкіх поспехаў у прафесійнай кар’еры. Да таго ж, беларуская карпарацыя археолагаў – традыцыйна вельмі канкурэнцыйны асяродак, які поўніўся ўзаемнымі падазрэннямі. На гэтым фоне Яраслаў Звяруга яўна вылучаўся сваёй стрыманасцю і прыветнасцю.

Са смерцю Яраслава Звяругі мы згубілі дасведчанага прафесіянала і чалавека, да разважлівасці якога можна было апеляваць у часы няпэўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?