Наталля Радзіна, рэдактарка сайта Хартыя’97, раскрыла ўсе падрабязнасці сваіх уцёкаў з Беларусі.

«Мой шлях у Еўропу доўжыўся роўна 4 месяцы, — піша яна. — Такі працяглы шлях тлумачыцца проста — у турме КДБ мне не вярнулі пашпарт. Хоць гэта зусім незаконна — пры вызваленні пад падпіску аб нявыездзе да суда абвінавачванаму абавязаны вярнуць яго дакументы».

Сеўшы ў ноч з 30 сакавіка на 1 красавіка на цягнік «Брэст-Мінск», каб ехаць на допыт у Мінск, Наталля Радзіна выйшла ў Лунінцы і з’ехала на машыне, у якой яе чакалі сябры, у Маскву.

«1 красавіка я ўжо была за межамі Беларусі і вельмі рада, што змагла такім чынам павіншаваць беларускіх чэкістаў з іх прафесійным святам», — піша Наталля.

У Расіі яна звярнулася па дапамогу ва Упраўленне вярхоўнага камісарыята ААН па справах уцекачоў у РФ. Праходжанне працэдураў заняло некалькі месяцаў.

У Маскве яна хавалася на кватэры сяброў. Баялася, што яе могуць выкрасці і вывезці назад у Беларусь беларускія спецслужбы. Ёй дапамагалі расійскія праваабаронцы.

«Пасля прызнання мяне ўцекачом па лініі ААН, першай дзяржавай, якое аказала мне міжнародную падтрымку, сталі Нідэрланды. 28 ліпеня, пасля афармлення праязных дакументаў, я выляцела з Масквы ў Амстэрдам.

Я вельмі ўдзячная Нідэрландам за сваё выратаванне, але праз тры дні з’ехала ў Літву. Пасля прэзідэнцкіх выбараў сайт charter97.org быў зарэгістраваны ў гэтай краіне, тут знаходзіцца мой калектыў, і паўнавартасна выконваць свае функцыі рэдактара я магу сёння толькі ў Вільні. 4 жніўня я папрасіла палітычнага прытулку ў Літве», —
расказвае Наталля Радзіна пра свой цяперашні стан.

«За ўсе гэтыя месяцы я на сваёй скуры пакаштавала, што такое быць уцекачом. І магу шчыра сказаць — зайздросціць няма чаму. Я ніколі б не з’ехала з Беларусі, калі б, як спяваў Высоцкі, не „абклалі“ з усіх бакоў. Таму прыйшлося адказваць, як я лічу патрэбным. Гуляць па правілах, якія сёння ўсталяваў у Беларусі КДБ, я не збіраюся. Зацкавана мчацца на стрэл не ў маім характары, і таму „паспрабавала праз забарону“.

Упэўнена, што на радзіму я вярнуся вельмі хутка, і мой беларускі пашпарт мне вернуць новыя дэмакратычныя ўлады краіны», — завяршае яна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0