Што насьцярожвала – што ўвядзеньне нафтавых мытаў адбылося дэманстратыўна, у жывым эфіры. Тонкая палітыка так ня робіцца. Гэта была бравада, гульня на беларускую публіку. Глядзіце, Гарант канстытуцыі змагаецца за наша самае дарагое, за нашу нацыянальную незалежнасьць.

Праз два дні пасьля газавага ляманту Гарант разьвёў рукамі і прадаў «Белтрансгаз»: маўляў, іншага выхаду не было. Толькі не кажыце мне, што 29‑га ён ня ведаў, што зробіць 31‑га.

Праз шэсьць дзён пасьля ўвядзеньня нафтавых мытаў яны адмененыя. Расея патрабуе выканаць яшчэ й акт прыніжэньня -- вярнуць 80 тыс. тонаў нафты. Фактычна прызнаць факт крадзяжу.

Давайце пабачым, што будзе заўтра. Ня дай Бог «Іншага выхаду няма» нумар два.

Бо выхад ёсьць! Няма чаго выдумляць ровар, на ім ужо праехалі нашы суседзі.

Барацьба за незалежнасьць заключаецца ня ў ляманце і нараканьнях на імпэрскую Маскву, а ў выбудоўваньні альтэрнатываў, выхадзе з залежнасьцяў. Дакуль на 16‑м годзе незалежнасьці Беларусь атрымлівае 90% энэрганосьбітаў з адных рук, гэта ніякая не барацьба за незалежнасьць.

Дакуль полчышча сакрэтных агентаў адсочвае маладых незалежнікаў‑Дашкевічаў, а другое полчышча разьвешвае газэты «Правда» ў кожным ЖЭСе, гэта зусім адваротнае ад барацьбы за незалежнасьць.

Прадалі мову, прадалі сьцяг, прадалі «Белтрансгаз». "У зямлянкі пойдзем, а на шантаж не паддамося". І ў чым жа наша непаддача? У чым наша незалежнасьць застаецца? У наяўнасьці свайго ўласнага прэзыдэнта?

Незалежнасьць Літвы гарантаваная, бо прэзыдэнт Літвы ня вольны ёю распараджацца аднаасобна. Ёсьць парлямэнт, грамадзянская супольнасьць мае права голасу, і свабодныя СМІ.

Незалежнасьць Беларусі стане гарантаванаю толькі тады, калі самадзяржаўя ня будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?