Адвакаты Дар’я Ліпкіна і Ганна Бахціна, якія абаранялі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня Мікіту Ліхавіда і Ірыну Халіп адпаведна, прайшлі пераатэстацыю Міністэрства юстыцыі.

Нагадаем,

26 ліпеня Ліпкіна і Бахціна не прайшлі пазачарговую атэстацыю, якую праводзіла тэрытарыяльная атэстацыйная камісія.
Абодва адвакаты тады заявілі, што маюць намер адстойваць сваё права на прафесійную дзейнасць. Пры гэтым Ліпкіна адзначыла: тэрытарыяльная атэстацыйная камісія не мае права спыняць дзеянне адвакацкай ліцэнзіі — такімі паўнамоцтвамі надзелена толькі кваліфікацыйная камісія пры Міністэрстве юстыцыі.

Пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі Мінюста адбылося 4 жніўня. На ёй пытанне аб адпаведнасці адвакатаў прафесійным патрабаванням і разглядалася занава, безадносна да рашэння тэрытарыяльнай атэстацыйнай камісіі. «Кваліфікацыйная камісія прыняла рашэнне, якое я лічу законным і абгрунтаваным, якое пацвердзіла маю кваліфікацыю і дало мне магчымасць далей працаваць», — сказала Ліпкіна.

30 ліпеня беларускія праваабаронцы накіравалі зварот спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль, у якім выказалі занепакоенасць няспынным уціскам на адвакацкую супольнасць Беларусі.

У лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў — Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Толсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. 6 сакавіка са складу калегіі быў выключаны адвакат Павел Сапелка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?