Жыхар горада Сяргей Гоўша падаў заяўку на пікет, які плануе правесці ў Старым парку 22 жніўня.

Мэта пікету — праінфармаваць грамадзянаў Баранавіч пра арышт Алеся Бяляцкага — кіраўніка незарэгістраванага ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), і патрабаваць яго вызвалення. Колькасць удзельнікаў — да 10 чалавек. Час правядзення — з 18:00 да 20:00.

У выпадку ўзнікнення перашкодаў для правядзення дадзенага мерапрыемства Сяргей Гоўша просіць прапанаваць яму альтэрнатыўны час альбо месца.
Адначасова арганізатар пікету падаў заявы на складанне дамовы з Баранавіцкім аддзелам унутраных справаў, са спецаўтабазай і са станцый хуткай дапамогі.

Па словах арганізатара пікету, Бяляцкі быў арыштаваны быццам за ўтойванне сваіх прыбыткаў у літоўскіх банках. Але як лічыць Сяргей Гоўша, гэтыя грошы ішлі на праваабарончую дзейнасць, бо сам праваабарончы цэнтр «Вясна» быў закрыты ўладамі ў 2003 годзе. «Праз тры гады Камітэт па правах чалавека пры ААН пастанавіў, што „Вясна“ закрытая незаконна, — сказаў Гоўша. — Беларускія ўлады павінныя былі аднавіць дзейнасць цэнтру і кампенсаваць страты, але гэта не зроблена дагэтуль».

Сяргей Гоўша прызнаўся, што мае слабую надзею на атрыманне дазволу на пікет. «За чатыры апошнія гады ў Баранавічах дазволілі толькі два пікеты, — кажа ён, — Чарнавусу і Грыку, апошні да таго ж мусіў за гэта яшчэ і сплаціць грошы розным службам горада».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?