Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, галоўныя ўрачы сталічных клінік і іх намеснікі пабывалі 9 жніўня на экскурсіі ў следчым ізалятары № 1 МУС на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Гэтым візітам у СІЗА Генеральная пракуратура працягнула антыкарупцыйную прафілактычную кампанію сярод чыноўнікаў.

Раней тут пабывалі прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасці, па падатках і зборах, сельскай гаспадаркі і харчавання, архітэктуры і будаўніцтва.

Наведвальнікі, якіх суправаджалі прадстаўнікі Генпракуратуры і адміністрацыі ізалятара, агледзелі памяшканні СІЗА, камеры, дзе знаходзяцца падследныя, у тым ліку жанчыны і непаўналетнія. Пабывалі ў размяшчэнні «міні-калоніі» — атрада з 70 асуджаных, якія займаюцца ў СІЗА гаспадарчымі работамі і адбываюць тут пакаранне. Магчымасцю паназіраць зверху праз рашотку за прагулкай змешчаных пад варту ва ўнутраным двары СІЗА ніхто з медыкаў не скарыстаўся. Вельмі неахвотна яны зазіралі і заходзілі ў камеры, якія адчынялі з нагоды экскурсіі.

Затым, выслухаўшы паведамленне пра сітуацыю з карупцыяй у краіне ў цэлым і ў сістэме аховы здароўя ў прыватнасці, медыкі атрымалі магчымасць задаць суправаджальнікам пытанні.

Як ні дзіўна, у тым ліку для прадстаўнікоў Генпракуратуры, ніхто з іх не запытаў пра медыцынскае забеспячэнне спецкантынгенту.
Затое наведвальнікі СІЗА пацікавіліся, ці былі ўцёкі з ізалятара і якая сітуацыя з карупцыяй у сістэме Міністэрства адукацыі.

Начальнік аддзела Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Ігар Грэйба прапанаваў медыкам «падзяліцца ўражаннямі ад убачанага з калегамі, данесці інфармацыю, арыентаваць сваіх работнікаў на тое, што пакаранне няўхільнае». Заклікаў актыўна займацца прафілактыкай карупцыі, шукаць прычыны і ўмовы, якія спрыяюць учыненню такіх злачынстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?