11.01.2007 / 17:42

Добрыя весткі з таго сьвету

Беручы да ўвагі, што беларускую мадэль дапамагаў будаваць сам Уладар сусьветаў, як пяць дзён таму Ім было заяўлена ў Сьвята‑Духавым саборы, ніякіх пытаньняў да таго, як выглядае рай, у мяне не засталося. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Беручы да ўвагі, што беларускую мадэль дапамагаў будаваць сам Уладар сусьветаў, як пяць дзён таму Ім было заяўлена ў Сьвята‑Духавым саборы, ніякіх пытаньняў да таго, як выглядае рай, у мяне не засталося.

Апошняе, што Садам пабачыў, быў нейкі чупушыла ў чорнай масцы. «Паводле выраку ірацкага народу», — сказаў ён. Потым цемра, даўгі, як паміж станцыямі мэтро Леніна і Кастрычніцкай, тунэль. Потым нейкае сьвятло ў ягоным канцы. Наблізіўшыся, нябожчык зразумеў, што стаіць перад варотамі з таблічкай «Рай. Уваход карэспандэнтам «Маскоўскага камсамольца» і фатакорам «Коммерсанта» забаронены».

За варотамі аказаўся прылазьнік, празь які цягнулася доўгая і сумная чарга.

— Дзе ваш хвалёны «прынцып аднаго райскага вакна? — нудзелі жмурыкі ў натоўпе.

— Спакуха, таварышы! Нядаўна Айцец наш падпісаў дырэктыву аб дэбюракратызацыі нумар два, — супакойваў усіх Сьвяты Пётра. — Думаю, што ў наступным тысячагодзьдзі, максымум да апакаліпсісу, мы ўсе праблемы вырашым. У нас жа ж прынцып — «Рай для анёлаў».

Нарэшце прыйшла чарга Хусэйна. Атрымаўшы прычындалы жыхара раю — німб і крылы з акцызнай маркай, абанэмэнт падпісчыка на газэту «Рай сегодня», — Садам выйшаў з канторы і азірнуўся.

Увесь гарызонт засьціла вялікая райская нацыянальная бібліятэка і шматлікія лядовыя палацы. Там‑сям анёлы, насуперак чуткам аб дэнамінацыі райскага рубля, адкрывалі дэпазыты ў нацыянальнай валюце. Праз вуліцу цягнуўся транспарант «Вітаем удзельнікаў хакейнага турніру паміж аматарамі на прызы Бога-Бацькі, Сына і Духа».

— Садамчык, ня веру сваім вачам, ты?!

Хусэйн азірнуўся — перад ім стаяў Слабадан.

— Хай, Слоба! Ну як тут увогуле?

— Задачы другой пяцігодкі, сфармуляваныя вялікім агульнанацыянальным зборам анёлаў, выкананыя. Праўда, давядзецца падкарэктаваць сацыяльныя артыкулы бюджэту. Як заявіў Яхве, мы занадта шыкоўна жывём для раю, у якім няма газу і нафты. Прабач, трэба ляцець у ЖЭС: нешта замала на жыроўку налічылі.

Слоба зваліў, а ўвагу Садама тым часам прыцягнуў плякат: «Усе на выбары мясцовых херувімаў».

«Выканаю грамадзянскі абавязак», — падумаў анёл‑нэафіт і узяў курс на ўчастак для галасаваньня.

Просьбу да сябра выбарчай камісіі выдаць яму бюлетэнь для галасаваньня той чамусьці ўспрыняў вельмі падазрона. У наступны момант выбаршчык дастаў неспадзяванага кухталя ў кумпал ззаду. Адключаючыся, Садам пасьпеў пачуць:

— Усе анёлы галасуюць, як мае быць, датэрмінова, а тут нейкі дзівак прыцёгся ў дзень выбараў. Здаецца, таварыш міліцыянт, гэта нейкі адмарозак.

— Натуральна, апазыцыянэр. Бач, барада — як у Мілінкевіча.

Садам ачомаўся толькі ў судзе, дзе прадстаўнік Фэміды зачытаў яму прысуд:

— ...спраўляў малую пільніцу... прынародна мацюкаўся... працівенства міліцыі... вырак — 15 сутак.

Наступныя два тыдні анёл Садам правёў у райскім будынку пры райскай вуліцы Акрэсьціна, дзе пад трансьляцыі з радыёмацюгальніка аб дасягненьнях райскай стабільнасьці прагуляў ў мандавошку бамжам свае анёльскія німб і крылы.

Лёлік Ушкін

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру