Слова «эканомія» ўсё-ткі з вялізнай цяжкасцю ўваходзіць у наш побыт. Мы бадзёра гаворым пра тое, што рэсурсы трэба эканоміць, але калі даходзіць да справы, рыпім зубамі. Ці ведаеце вы, што кожны другі пад’езд у сталіцы церпіць ад рук вандалаў? І справа зусім не ў хуліганах. Найноўшыя энергазберагальныя модулі асвятлення, якія аўтаматычна ўключаюцца і выключаюцца пры з’яўленні чалавека, папросту выкручваюць, зразаюць або псуюць. Такім дзіўным чынам жыхары патрабуюць вярнуць у іх дамы ранейшае асвятленне: каб святло на лесвіцы, у сутарэннях і на гарышчы гарэла ўсю ноч. Без перапынкаў.

У сталіцы 6340 шматкватэрных жылых дамоў, і толькі палова з іх абсталяваная фотарэле або модулямі кіравання асвятленнем.
Астатнія, як і раней, гараць маякамі з ночы да раніцы, спальваючы нашы з вамі грошыкі. І, паверце, тут няма ніякай памылкі.

— Большасць жыхароў чамусьці лічыць, што святло ў месцах агульнага карыстання (лесвічныя клеткі, сутарэнні) аплачвае ЖЭС. Але гэта далёка не так. Усе гэтыя выдаткі прапарцыйна дзеляцца на колькасць квадратных метраў агульнай плошчы і штомесяц уключаюцца ў графу «Тэхабслугоўванне». Сюды ж, дарэчы, уваходзяць выдаткі на ўборку прыдваравых тэрыторый і месцаў агульнага карыстання, тэхабслугоўванне дамавых магістраляў, цеплавузлоў, дахаў, а таксама асфальтаванне двароў. У выніку людзі думаюць, што за святло яны не плацяць, а значыць, можна жыць па прынцыпе: «Няхай заўсёды будзе сонца!» І гэтая перакананасць выліваецца ў фенаменальныя лічбы гарадскому бюджэту, бо, як вядома, на 70% гэтыя выдаткі цяпер датуе дзяржава, — кажа Сяргей Драпей, начальнік тэхнічнага аддзела ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». — 

Штомесяц на асвятленне месцаў агульнага карыстання горад выдаткоўвае 7,1 млн кВт/г электраэнергіі. Толькі за мінулыя паўгода гэта вылілася ў 8,3 млрд рублёў непасрэдных выдаткаў.
Нават нягледзячы на тое, што доля дамоў, абсталяваных аўтаматычнымі сістэмамі ўключэння асвятлення, дасягнула 41%, лічбы трывожаць і прымушаюць задумацца. Бо відавочны факт: жыхары па-ранейшаму не зацікаўленыя ў эканоміі дарагога рэсурсу.

Зацікавіць мінчан камунальнікі вырашылі простым, але дзейсным спосабам: у жыроўку прапануецца ўнесці асобную графу «Аплата асвятлення месцаў агульнага карыстання». Варыянтаў два: альбо гэта будзе адпаведная пастанова Савета Міністраў, альбо эксперымент у рамках сталіцы, які завершыцца прыняццем адпаведнага рашэння Мінгарвыканкама. Неабходныя лісты ўжо падрыхтаваныя.

 Штомесячная сума аплаты ў дзейных на 1 жніўня тарыфы на электраэнергію складзе 881 рубель на аднаго пражываючага. Паводле нашых разлікаў, гэта дасць магчымасць гораду кожны месяц эканоміць прыкладна 1,4 млрд рублёў бюджэтных сродкаў, —
удакладніў Сяргей Драпей. — Думаю, гэта больш псіхалагічны, чым эканамічны ход. Як толькі чалавек бачыць, што ён за нешта плаціць, то мімаволі пачынае думаць катэгорыямі «як мага менш і танней». Эксперымент з укараненнем лічыльнікаў расходу вады ўжо паказаў сваю мэтазгоднасць:
сёння Мінск спажывае на 25% вады менш, чым 3–4 гады таму.
Хіба гэта не вынік?

Яшчэ адна навіна ў тэму. На змену чыста «псіхалагічнай» эканоміі ў 2013 годзе прыйдзе эканомія аўтаматычная. Менавіта да гэтага года ўсе сталічныя шматпавярхоўкі плануецца абсталяваць модулямі кіравання асвятленнем. Працэс стартаваў у 2009 годзе, з моманту выхаду пастановы Саўміна № 246. Сёння, як ужо згадвалася, такімі сучаснымі сістэмамі абсталяваная амаль палова сталічнага жылфонду.

Да канца 2011-га мае быць усталявана яшчэ 106 663 такіх прыборы.

— Такі модуль аўтаматычна ўключае асвятленне пры з’яўленні гукавога сігналу або ўзнікненні руху. Лёгкай пстрычкі ці пляску дастаткова, каб святло загарэлася. Праз паўтары-дзве хвіліны ён гэтак жа загасне, эканомячы грошы жыхароў, і акупіць пры гэтым свой кошт усяго за паўгода. Але чамусьці менавіта гэты момант больш за ўсё іх і раздражняе. Мы часта атрымліваем скаргі на «непрацоўнае асвятленне ў пад’ездзе». Падчас праверкі высвятляецца, што людзі проста не зразумелі прынцып дзеяння новага, толькі што змантаванага абсталявання, і просяць аднавіць «усё, як было», альбо самі выкручваюць «разумныя» датчыкі і пускаюць іх у расход, — наракае Сяргей Драпей. — Усё гэта сведчыць пра чыста савецкі падыход да пытанняў энергазберажэння: маўляў, калі лямпачка ёсць, яна павінная гарэць. Думаю, асобны радок у жыроўцы стане менавіта тым напамінам, які прымусіць жыхароў часцей цягнуцца да пад’язнога выключальніка і з разуменнем ставіцца да абсталявання, перавагі якога даўно ацаніла ўся Еўропа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?