11.01.2007 / 18:48

Фігавы лісьцік 15

У царкве пяцідзясятнікаў “Благадаць Хрыстова” дзеткам раздалі сьвяточныя наборы цукерак "Камунаркі" з ахайна заклеенымі тэкстоўкамі “З Калядамі!”. Камэнтар Сяргея Харэўскага. (Рэд. -- Меркаваньне аўтара не супадае зь меркаваньнем Рэдакцыі.)

У царкве пяцідзясятнікаў “Благадаць Хрыстова” дзеткам раздалі сьвяточныя наборы цукерак "Камунаркі" з ахайна заклеенымі тэкстоўкамі “З Калядамі!”. Камэнтар Сяргея Харэўскага. (Рэд. -- Меркаваньне аўтара не супадае зь меркаваньнем Рэдакцыі.)

Рэлігійны фундамэнталізм у Беларусі ‑‑ рэч хісткая, як для нашай багністай глебе. Рэлігійныя суполкі па‑ранейшаму абыходзяцца зь беларушчынай адвольна, згодна са сваімі карпаратыўнымі ўяўленьнямі.

У выніку маем не набор дэнамінацыяў, а некалькі невялікіх субэтнасаў, з сваімі комплексамі ідэяў, уласнымі гістарычнамі традыцыямі й... сваімі варыянтамі мовы. Адныя моляцца Езусу, другія – Ісусу. Тое, што Расейская праваслаўная царква настойліва ўжывае амбівалентныя, як на беларускае вуха словы «Благавешчанне» ды «Ражджаство», то ўжо звыкліся. Традыцыя цэзарапапізму абавязвае не «адрывацца» ад Масквы.

Ня менш кур’ёзнымі бываюць і інцыятывы эвангелічных цэркваў. Сыходзячы з уласнага суб’ектыўнага ўяўленьня пра духоўныя патрэбы паствы. Напрыклад, сёлета на Каляды ў царкве пяцідзясятнікаў «Благодать Христова» дзеткам раздалі сьвяточныя наборы цукерак вытворчасьці менскае цукерні «Камунарка». Па баках шасьцігранных сувэнірных пакункаў зьмешчаныя навагоднія віншаваньні на трох мовах: беларускай, ангельскай і расейскай. Адпаведна вытворцы цукерак павіншавалі й з Божым Нараджэньнем: «Merry Chrystmas!», «С Рождеством!» і «З Калядамі!»... Але пільнае вока самадзейных знаўцаў веры ўгледзела ў беларускім варыянце... паганства.

А таму дзеткам прыхаджанаў падарункі былі раздадзеныя з ахайна заклеенымі беларускімі тэкстоўкамі. Ініцыятары не пашкадавалі часу, каб павырэзваць з чырвонага ракалу (дэкаратыўнай плястыкавай кляёнкі) сьцяжочкі й наляпіць іх на ўсе пушачкі цукерак з двух, «паганскіх» беларускіх бакоў. Праўда, налепачкі тыя, не раўнуючы фігавыя лісьцікі, лёгка адкалупнуць. Што малыя беларусікі й робяць, задаючы бацькам спрадвечнае пытаньне, пра тое, адкуль што бярэцца...

Сур’ёзьнейшым крокам для аднаго з прыхільнікаў тае царквы стала зьмена ўласнага «паганскага» прозьвішча Каляда на жончына прозьвішча. Каб быць у адным шыхце са сваімі недалёкімі пастарамі. Цяжка сабе ўявіць як далёка можа засьці такая звышдбайнасьць у нашым падбітым, зьняможанамым ды зьнявераным народзе.

Калі гэтак рабіцца будзе й надалей, то варта рупліўцам чысьціні хрысьціянскае веры зьвярнуць увагу й на словы «каляндар» ці «календула», бо іхная этымалёгія тая самая, што й у нашых ды літоўскіх Калядаў — рымска‑паганская. Фактычна ж, за гэтым, рыхтык савецкім разуменьнем веры, стаіць слабасьць, нямогласьць фундамэнталістаў, якія зварачаюць увагу адно на вонкавыя рэчы, ня дбаючы пра сутнасныя.

Калі ж рупіцца пра Беларусь як пра адзіную сям’ю, то празь меру пільным душапастырам народу варта было бы павучыць як сьлед беларускую мову ды нашыя тутэйшыя традыцыі. Каб ад Каляд да Каляд у сям’і быў мір ды лад! Гэта ў нас прынята зычыць супляменьнікам.

СХ

0
Андрэй / Адказаць
11.01.2007 / 19:26
"Меркаваньне рэдакцыі не супадае..." -- а якое яно, меркаваньне рэдакцыі? Хацелась бы ведаць. [чытайце ў сьвежым, папяровым, нумары НН -- уэб.]
0
pan Brudas / Адказаць
11.01.2007 / 23:30
Дзякуй аўтару за грунтоўны і цікавы артыкул. Жыве Беларусь!
0
Рэд. / Адказаць
11.01.2007 / 23:31
Меркаваньне Рэдакцыі такое. Слова "каляды" выклікае ў пратэстантаў асацыяцыі з Старажытным Рымам, дзе на паганскіх гульбішчах першых хрысьціянаў аддавалі на пажыву зьвярам. Таму яны аддаюць перавагу варыянту "Нараджэньне Хрыстова" ці "Божае Нараджэньне". Цалкам беларускаму, дарэчы -- калі камусьці не падабаюцца варыянты "Раство" (ва ўкраінскай асноўны варыянт "Різдво"), "Ражджаство" (у расейскай "Рождество"), хоць і гэтыя апошнія даўно і стойка ўвайшлі ў мову. Пратэстантаў можна зразумець. Ня бачым фундамэнталізму ў іхным падыходзе. Калі слова "Каляды" абражае пачуцьці вернікаў, яны маюць права ўнікаць яго. У любым разе, "НН" імкнецца вельмі далікатна ставіцца да нацыянальных і рэлігійных пачуцьцяў, асабліва меншасьцевых супольнасьцяў і вызнаньняў. У папяровым выданьні мы падаем гэтую інфармацыю хутчэй як факт, без камэнтару. Карціць пачуць меркаваньне пра "вонкавае і сутнаснае" ў гэтым пытаньні тэолягаў, напрыклад, быў бы ўдзячны айцу Аляксандру Надсану, айцу Юр'ю Барку, Пятру Рудкоўскаму, каб яны выказаліся, а таксама актывісты, такія як Аляксей Шэін ці Бурбалка.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру