Міністэрства юстыцыі ў чарговы раз праявіла асаблівае старанне. Яно запатрабавала ў Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) «тлумачэнні» з нагоды распаўсюджвання «недаставернай» інфармацыі аб адвакатах.
Рэч у тым, што, калі адвакаты Ганна Бахціна і Дар’я Ліпкіна не прайшлі пераатэстацыі ў тэрытарыяльнай інстанцыі, БХК распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што адвакатак пазбаўляюць права працаваць. Праваабаронцы былі пэўныя, што менавіта так будзе развівацца сітуацыя. Рэч у тым, што Бахціна і Ліпкіна актыўна абаранялі асуджаных за Плошчу — Мікіту Ліхавіда і Ірыну Халіп. А раней пяць іншых адвакатаў «палітычных» страцілі ліцэнзіі.

Свет абурыўся, і ў выніку Мінюст адвакатак пераатэставаў. Больш за тое, Міністэрства запатрабавала ад БХК «размясціць на сваім сайце праўдзівую інфармацыю».

У Мінюсце таксама адзначылі, што «лічаць недапушчальным, калі рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, што пазіцыянуе сябе як абаронца правоў чалавека ў Беларусі, распаўсюджвае неаб’ектыўную інфармацыю, якая ўводзіць у зман грамадзян краіны, а таксама структуры ААН».

Вядома ж, Мінюст маўчыць як вады ў рот набраўшы, калі ў краіне парушаюцца правы грамадзян на свабоду слова ці сходу. І распаўсюджванне «недаставернай» інфармацыі пра будучую дэвальвацыю ведамства міністра Галаванава не ўстурбавала. Хоць у выніку людзі страцілі свае ашчаджэнні, ужо не кажучы пра шкоду міжнароднай рэпутацыі краіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?