Ці ведаеце, у чым розьніца паміж Лукашэнкам і выпеставанай ім за апошняе дзесяцігодзьдзе палітычнай і эканамічнай элітай? Лукашэнка, пры ўсіх «але», па-свойму любіць Беларусь і мае пэўныя прынцыпы. Ягоныя набліжаныя ня любяць Беларусі і ня маюць ніякіх прынцыпаў увогуле. Усе гэтыя дырэктары гэтак званых валаўтваральных прадпрыемстваў, міністры, буйныя банкіры, старшыні аблвыканкамаў і г.д., і т.п. разам са скодлішчам мясцовых райкамаўскіх, выканкамаўскіх, БРСМаўскіх і ўнівэрсытэцкіх патрыётаў складалі са сваім лідэрам дзіўны сымбіёз. Ніхто не прэтэндаваў на галоўнае месца ў прэзыдэнцкай «вотчыне», кожны ведаў сваё цёплае месца, знаў, калі трэба гучней закрычаць «ура», а Ён кагосьці караў, кагосьці мілаваў ці ўзвышаў, але збольшага ўсё было файна. Сапраўды, пакуль першаму прэзыдэнту Беларусі ўдавалася плыць у рэчышчы сваёй раней выбранай палітычнай лініі, чаму спрыяла станоўчая эканамічная каньюнктура, часам здавалася, што сыстэма не настолькі маразматычная, як падаецца на першы погляд.

Аднак у апошнія дні фэадальная сутнасьць беларускай сыстэмы ўлады, ды й па вялікім рахунку, усёй грамадзкай сыстэмы ў Беларусі праявілася найбольш яскрава. Адно слова аднаго чалавека — і ўсё з ног стала на галаву.

Найлягчэй пераарыентаваліся звыклыя да ідэалягічных ваганьняў начальства журналісты афіцыйных СМІ. Гэтыя ўжо даўным-даўно забыліся (а, можа, і ніколі ня ведалі) пра адну з запаведзяў журналіста «па-сапраўднаму любіць тое, што любіш, і ненавідзець тое, што ненавідзіш». Амаль імгненна лісьлівае аблізваньне «расейскіх братоў» зьмянілася бесперапынным лямантам пра «халодную газавую вайну з Расеяй». Затое на ўсіх ранейшых бізнэсоўцаў-інтэгратараў глядзець было шкада: разгубленыя твары, няўпэўненасьць, стомленасьць. А як жа, бо сёньня ім трэба абгрунтоўваць тое, катэгарычна супраць чаго яны былі ўчора. Хочаш ня хочаш, але скідай сваю элеганцкую, купленую за ўдала прададзены Расеі трысьняговы цукар тройку, бяры вушанку і лезь разам са сваім лідэрам у зямлянку. Але гэтага рабіць ня хочацца, ды і маскоўскія калегі, мабыць, пасьмейваюцца: «Ну, колькі ўжо можна, давайце да нас, тут значна лепей». Эканамічная эліта ў сваёй натуры прадажная, і разьлічваць на яе вялікі патрыятызм я б ня стаў. Да ўсяго, і Сідорскі першага студзеня ў Маскве выглядаў вельмі няблага. Не марыянэтка, мужык талковы. Гатовы палітычны лідэр!

Адным словам, калі ўважліва прыглядаесься да падзеяў некалькіх апошніх тыдняў, неяк адразу прычапляецца думка, што, здаецца, у Лукашэнкі зьяўляецца новы, мабыць, найбольш небясьпечны вораг — выпеставаная ім самім палітычная і эканамічная эліта Беларусі. Беспрынцыповая, далёкая ад разуменьня таго, што такое беларусы і Беларусь, якая проста можа спрацаваць паводле прынцыпу фэадалізму: калі фэадал не выконвае забавязаньняў перад сваімі падначаленымі, яго скідаюць.

А ўсе астатнія людзі, спытаеце вы мяне? Усе астатнія — трэці стан, які і пытаць ні аб чым ня варта. Пойдуць туды, куды павядуць іх старыя фэадалы разам з новым каралём.

Самае страшнае ў гэтай сытуацыі тое, што для многіх цяперашніх высокапастаўленых падначаленых Лукашэнкі незалежнасьць Беларусі — гэта ня больш чым пытаньне выгаднай эканамічнай каньюнктуры.

Але і кідацца разам з Лукашэнкам і ягоным спэцназам бараніць «зямлю пад белымі крыламі» не выпадае. Алегорыя, калі Лукашэнка каля зямлянкі адстрэльваецца ад расейскай пяхоты з кулямёта, а Мілінкевіч падае яму дыскі з патронамі, наўрад ці калі стане рэальнасьцю.

Сыстэма, завязаная на адным чалавеку, якой бы моцнай ні здавалася, неўнікнёна абрынецца. Адзінокі імпэратар, што пайшоў насуперак усіх сваіх васалаў, ня мае ніякіх шанцаў. За створаную ім «стабільнасьць» і «ўмацаваны сувэрэнітэт» мы заплацілі дзесяцьцю гадамі контрбеларусізацыі і маральнага распаду грамадзтва. А гэта занадта дарагая цана за ўсе мітычныя посьпехі. Баюся, не было гэта дадзена зразумець Лукашэнку дванаццаць гадоў таму, не зразумее ён гэтага і цяпер. Праўда, ён можа суцяшаць сябе тым, што, магчыма, гадоў праз дваццаць нейкі стары беларус скажа: «Вось пры Ім было добра і спакойна, а цяпер бардак». Менавіта таму і Ціта, і Садам маюць выразны шанец пераўтварыцца ў сьвятых.

Што ж рабіць нам — тым, хто разумее, што сапраўдны сувэрэнітэт — гэта ня газавы кран пад аховай уласных аўтаматчыкаў і ня ўдала падпісаны кантракт на пастаўкі нафты. Што ж рабіць нам, хто даўно заўважыў, што і Ўсход і Захад лічацца толькі зь сілай. Што ж рабіць нам, для каго сапраўдная незалежнасьць — гэта беларускамоўныя школы і ліцэі на вуліцах і плошчах імя Каліноўскага, Брыля і Быкава, гэта нацыянальнае войска пад бел?чырвона?белым сьцягам і моладзь, якая не сьпіваецца каля булдыроў, а чытае кніжкі і шануе сваіх настаўнікаў?

Думаю, не скажу лепш за аднаго з найвялікшых беларускіх патрыётаў ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Напісаў ён гэтыя словы ў 1939 г., напярэдадні пачатку самай вялікай і страшнай у гісторыі чалавецтва завірухі: «Чым гэтая бура скончыцца — няма ведама. Адно для нас пэўнае, што калі б гэта бура не абмінула беларускага народу, дык галоўным правілам для ўсіх беларусаў, а такжа галоўным імкненьнем для ўсіх беларускіх дзеячоў павінна быць адно: абарона і захаваньне беларускай нацыі. Да гэтага ўсе мы павінны ісьці ня толькі ў часе супакою, але тым болей у часе буры. Абарона беларускага народу і захаваньне ягонага нацыянальнага вобліку павінна быць правілам для ўсіх беларусаў у кожных абставінах жыцьця». У гэтым найважнейшы зарок нашага адзінства, праўды і будучай Перамогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?