Сяргей Скрабец на Лідчыне, падчас сустрэчы з сваімі выбаршчыкамі.

Фота Андрэя Лянкевіча

Сяргея Скрабца я бачыла адзін раз. Гаварыла сотні. Аляксандра Скрабца ніводнага разу ня бачыла. Гаварыла дзясяткі разоў. З Аляксандрай Скрабец правяла некалькі дзён у Празе. Яны сталі маімі сябрамі празь іхны надзвычайны чалавечы магнэтызм. А кантакт пачаўся са знаёмства зь Сяргеем.

На Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Ратэрдаме на бясконцым круглым стале па сытуацыі ў Беларусі ад палаты прадстаўнікоў мусілі выступаць Сяргей Скрабец і Ўладзімер Канаплёў. Сяргей ачольваў дэпутацкую групу "Рэспубліка". Убачыўшы лысага прадпрымальніка, а цяпер дэпутата, падумала: "Во ўжо выступіць... Лепш бы Анатоль Лябедзька..."

Калі Сяргей узяў слова - галовы паднялі ўсе. Я перастала пісаць рэпартаж, бо чула новае. Што і як трэба мяняць. Законы, свабода слова, эканоміка і пэрспэктывы. Без эпітэтаў. Ён ня ганіў кіраўніка дзяржавы і беларускі рэжым. Я бачыла, што заходнікам, стомленым ад слова "Беларусь", было цікава і, галоўнае, зразумела. Скрабцу пляскалі шчыра, а не паводле пратаколу - і прагматычны Вік, і рамантычны Крыстафэр Сьміт. І нават Ута Цапф.

Асамблея супала з маімі народзінамі. Я папрасіла беларускіх удзельнікаў выпіць са мной келіх віна. Далучыўся і Сяргей. Атрымаўшы выяву Эразма Ратэрдамскага, я прапанавала не гаварыць аб палітыцы. Глупства яшчэ надоўга. Кажу Сяргею, "Ніколі ня зьела ніводнай цукеркі, якімі ты гандляваў". "Я табе цукерак ня раю. Шкодна. І нават небясьпечна". І зноў - палітыка. Думаю, трэба спыняць. Жартам: "Слухай, ты вось бізнэсовец, знайдзі мне кляснага кавалера. Каб ня толькі Бацькаўшчыну любіў, але і справу ўмеў рабіць". "Добра, знайду", - абсалютна сур'ёзна сказаў Скрабец.

Прайшло каля 2-х гадоў. У асноўным кантактавалі дзеля радыё. Сяргей адгаладаў за зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Помню фразу Генадзя Ананьева з АГП, які таксама галадаў: "Зь ім было так прыемна рабіць супольную справу. Мы тады пастанавілі ісьці да канца. Шкада, што іншыя вырашылі інакш".

І вось, калі Скрабец не патрапіў у наступную палату прадстаўнікоў, кажа мне - "Вольга, відаць, мяне будуць спрабаваць пасадзіць, будуць нешта шукаць... А я ня выканаў тваёй просьбы. І гэтую справу я перадаю брату - Сашу..." Я зьдзівілася: "Якую просьбу, якую справу?" "Кавалера табе не знайшоў..." Я азадачылася яшчэ больш. "Сяргей, ты што?" - "Вольга - гэта ж вельмі важна". І сапраўды Аляксандар Скрабец узяўся. Усе новыя знаёмыя аказаліся кляснымі. Толькі ж да Прагі далёка. І да Менску далёка. Але зноў знайшла сяброў. Дзякуй.

Брат Сяргея, Саша, аказаўся паэтам. Сын Коля - выдатным кампаньёнам у размовах пра спорт. Наташа Скрабец - неверагодна вытанчанай і мудрай для сваіх гадоў. Аляксандра Скрабец, жонка, - чалавек вялікай мужнасьці.

Перад прысудам яна гаварыла: "Мы з Наташкай увесь час сядзім, накрытыя пледам. Нам холадна. Тэмпэратура вельмі добрая ў кватэры, а нам - холадна. І ежа для нас - ня ежа. А паліва. Каб жыць". У дзень аднаго з судовых паседжаньняў, калі выклікалі і Аляксандру, у яе памёр бацька.

Чакаючы прысуду, Аляксандар Скрабец гаварыў не пра сябе, а пра малога сына і бацькоў. "Эміграцыя? Не. Сказаў "а", кажы "б". Нам прапаноўвалі палітычны прытулак у Швэцыі. Мы адмовіліся. Радзіму нельга пакідаць. Такое ж меркаваньне і ў Сяргея". Праўда, просьбу да Пуціна даць палітычны прытулак у Расеі мне так дакладна і не патлумачылі. "А жаніхі?" - нагадала я, каб аблегчыць размову. "А жаніхі цяпер усе ў турмы пойдуць". І сьмяецца.

Калі я кантактую зь імі, мне ўсё няёмка пытацца, як Сяргей. А яны нічога. Увесь час аптымісты. І адразу: "А як ты?" Калі мы гаварылі зь Сяргеем, першае, што ён пытаўся, як маё здароўе, як здароўе маёй мамы. А пасьля ўжо - што новага. Каб я была ў залі суду, запыталася б: "Дык што, цяпер два з паловаю гады без кавалераў?" Упэўненая, ён бы адразу перадаў справу памочніку Сяргею Галаганюку.

Вольга Караткевіч - журналістка радыё "Свабода".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?