11.01.2007 / 19:39

Тэстам ня вымераць любові 4

Выкарыстаньне тэстаў па беларускай мове і літаратуры становіцца пашыранай зьявай у беларускім грамадзтве. Нават выкарыстоўваюцца тэсты ў якасьці ўступных іспытаў па беларускай мове і літаратуры ў ВНУ. Я перакананы, што тут Міністэрства адукацыі зрабіла вялікую памылку.

Выкарыстаньне тэстаў па беларускай мове і літаратуры становіцца пашыранай зьявай у беларускім грамадзтве. Нават выкарыстоўваюцца тэсты ў якасьці ўступных іспытаў па беларускай мове і літаратуры ў ВНУ. Я перакананы, што тут Міністэрства адукацыі зрабіла вялікую памылку.

Я ня супраць тэстаў па беларускай мове ці літаратуры. Але лічу, што тэсты ня могуць служыць у якасьці формы правядзеньня выпускных, тым больш уступных іспытаў па літаратуры ці мове. Трэба ўжо даўно зразумець ня толькі настаўнікам, але і мэтадыстам‑навукоўцам, што беларуская мова — гэта ня толькі прадмет вывучэньня, але і сродак навучаньня і выхаваньня. Заўсёды, калі я рыхтуюся да ўроку па беларускай мове ці літаратуры, то вызначаю тры мэты: адукацыйную, выхаваўчую і разьвівальную. Мы чамусьці заўсёды забываемся пра выхаваўчую мэту, лічым яе другаснай.

Для мяне на сёньня найважней выхаваць празь беларускае слова Патрыёта, Грамадзяніна. Абудзіць нацыянальную самасьвядомасьць, любоў да роднай мовы, гісторыі, нацыянальных традыцый.

У 2002 г. я скончыў Магілёўскі дзяржаўны унівэрсытэт імя А.Куляшова і прыехаў працаваць на Кармяншчыну ў якасьці настаўніка беларускай мовы і літаратуры. І ўжо тады я зразумеў, што абудзіць нацыянальную самасьвядомасьць вучняў можна толькі праз жывое роднае слова, а таксама праз пісьмовыя творчыя работы.

Асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на распрацоўку тэмаў сачыненьняў. Тэмы мусяць закранаць менавіта пачуцьцёвае ўспрыманьне школьнікаў. Вось якія тэмы сачыненьняў я прапаноўваю сваім вучням: «Чаму беларусы не размаўляюць па‑беларуску», «Маё пакаленьне», «Што такое шчасьце», «Мой выбар у жыцьці», «Што я зрабіў (зрабіла) для Радзімы?» і г.д.

Разам з вучнямі выпускаем літаратурную газэту. Школьнікі з радасьцю бяруць удзел у абмеркаваньні тэмы газэтнага нумару, падбіраюць і карэктуюць навуковы матэрыял, самастойна і з дапамогай настаўніка пішуць мастацкія творы: вершы, апавяданьні, сачыненьні, эсэ, прысьвечаныя юбілею таго ці іншага беларускага паэта ці пісьменьніка. Таксама часта выкарыстоўваю на ўроках беларускай мовы вусныя пераказы на патрыятычныя тэмы.

Я перакананы, што форму прыёму ўступных экзамэнаў трэба зьмяніць. Ва ўсіх беларускіх ВНУ трэба абавязкова ўвесьці экзамэн па беларускай мове і літаратуры ў форме сачыненьня, бо толькі праз сачыненьні можна выявіць сапраўдных творчых і інтэлектуальных маладых людзей. А ў сярэдніх школах неабходна аднавіць экзамэн па беларускай літаратуры ў вуснай форме, калі мы ня хочам страціць беларускае нацыі.

Юры Мянькоў, Кармяншчына

0
kauka / Адказаць
12.01.2007 / 16:01
Дзякуй Богу, што іспыт па беларускай мове ладзіцца ў выглядзе тэсту! Бо інакш тыя патрыёты, якіх нагадуе шаноўны аўтар (маё шанаваньне) проста ня будуць мець ніякіх шанцаў трапіць у вну -- іх адкінуць на этапе вуснага ўступнага іспыту па прыкмеце патэнцыйнай нелаяльнасьці да рэжыму. Пры агульна правільных разважаньнях заклікаю аўтара да рэалізму, бо ня страціць беларускай нацыі імкнуцца адныя, а школамі і вну кіруюць тыя, каго прызначаць іншыя.
0
Віталь / Адказаць
15.01.2007 / 19:08
Увогуле, мова ёсць мова. Мусіць быць такім жа школьным прадметам, што і матэматыка, фізіка etc Найперш павінна быць АБ'ЕКТЫЎНАСЦЬ ацэнкі ведаў...
0
Mr_Пронька / Адказаць
17.01.2007 / 02:51
Ніводзен не сдась добра тэст па беларускай мове ці літаратуры , калі ён проста аўтаматычна вывучыць правілы, на тэставанні трэба думаць па-беларуску, толькі тады ты здасі яго добра. Праверана на сабе:)
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру