11.01.2007 / 21:18

Год паэзіі 3

50 радкоў галоўнага рэдактара з №1.

Сёлета мы сьвяткуем юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Клясыкам беларускай літаратуры будзе па 125 гадоў.

З Новым годам, з шчасьцем новым!
Дай жа Божа гэты год,
Каб успомніў шчырым словам
Працавіты ўвесь народ.
Каб больш сьлёзы не ліліся,
Каб ня падаў чалавек,
Каб астрогі запярліся
Ад людзей на вечны век.
Каб казалі, што хацелі,
Каб ня гнулісь, як цяпер.
Каб са страхам не глядзелі
На вураднікаў каўнер;
Дай бог шчасьця вам і долю
Усім, хто сьлёзы праліваў.
Хто ў бедным родным полі
зерне праўды засяваў.

Гэтак пісаў у першым нумары на новы 1907 год Якуб Колас. Нямнога тут чыстае красы. Дый ці яна чапляла тагачаснага чытача‑мужыка ў газэце? Чаплялі палітычныя тэмы, выкладзеныя даступна і сваёй мовай, чапляла сугучча напісанага з уласнымі думкамі.

Увесь той нумар «НН» з Коласавым вершам быў прысьвечаны выбарам у царскую Думу. Чытаючы, міжволі параўноўваеш іх зь сёлетнімі мясцовымі. Пры цары свабоды было болей.

Перадвыбарныя гульні сёньня ня ўражваюць. Беларусь пражыла калядныя тыдні ў стане газа‑нафтавай вайны з Расеяй.

А яшчэ пад Новы год выйшаў з турмы Цімох Дранчук, вярнуўся з высылкі Андрэй Клімаў. Паўлу Севярынцу споўнілася трыццаць гадоў. Бяз каліва дзяржаўных грошай надрукаваны «Нямецка‑беларускі слоўнік» на 55 тысяч словаў. Лявон Вольскі з «Крамбамбуляй» запісаў аж дзьве навагоднія песьні й пачаў маляваць комікс пра беларускага супэрмэна. У Мастацкім музэі нарэшце адчыніўся новы корпус. Адзначыла гадавіну існаваньня газэта «Крама крыжаванак»… Жыцьцё віруе вакол.

За тыдзень, што Рэдакцыя была на калядных вакацыях, склаўся нам нумар з раскошных матэрыялаў, дасланых чытачамі з розных куткоў краіны. Сяргей Брадавы піша з Маладэчна. Васіль Аўраменка — з Магілёва. Руслан Равяка — з Баранавічаў. Дар’я Ліс — з Смургоняў. Андрэй Павач і Даніла Жукоўскі — з Горадні. Бірута Янкевіч — з Гомеля, Антон Лучкоўскі — з Докшыцаў... 100 гадоў таму клясыкі таксама жылі не ў сталіцах.

У Год беларускай паэзіі «Наша Ніва» штонумар будзе даваць месца вершам.

Дык — прыемнага чытаньня.

Андрэй Скурко

0
sid / Адказаць
11.01.2007 / 22:46
Калi ужо год паэзii. дык можа гэта надрукуете http://pod-koksom.livejournal.com/634.html?page=1#comments
0
Рэд. / Адказаць
12.01.2007 / 00:23
Гэтага не надрукуем, але надрукуем у № 2 літэкспэртызу, хто гэта напісаў. У № 1 надрукаваныя вершы Анемпадыстава, Храпавіцкага, Болбаса, Ман Курта, Півунова, Кавальковай.
0
dr / Адказаць
13.01.2007 / 02:06
а гэта надрукуеце?:) http://dimaidr.livejournal.com/271270.html#cutid1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру