Як паведаміла крыніца ў дыпламатычных колах, беларускія чыноўнікі і бізнесмены, якія сёння трапілі пад санкцыі Еўразвяза, спрабуюць правесці аперацыю, мэта якой — выключэнне іх з «чорнага спісу» ЕЗ.

«Пробным шарам» у спробе знайсці шчыліну ў бюракратычных працэдурах Еўразвяза стала былая намесніца галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Ганна Шадрына, якая спрабуе праз суд дамагчыся выключэння свайго прозвішча з «чорнага спісу» ЕЗ.

Фармальна, яна звольнілася з «рупара» адміністрацыі Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і лічыць сябе недатычнай да фальсіфікацый і рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Бюракратыя ЕС, як і належыць у прававой дзяржаве, цяпер патрабуе ад кіраўнікоў дыпмісій еўрапейскіх краін у Мінску канкрэтных доказаў віны пакрыўджанай журналісткі.

«Даклад намі быў падрыхтаваны. У ім гаварылася, што Шадрына так і не выбачылася за свае артыкулы ў „Советской Белоруссии“, датычныя кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі і дэмакратычных актывістаў. І калі напісаных ёю асабіста артыкулаў было не так шмат, тым не менш, яна з’яўлялася рэдактаркай іншых паклёпніцкіх матэрыялаў на адрас апазіцыі на старонках „Советской Белоруссии“ — друкаванага органа адміністрацыі Лукашэнкі.

З Бруселя прыйшоў адказ, што ў дакладзе недастаткова „доказаў віны“ Шадрыной і нам было даручана напісаць даклад ізноў. На сёння падрыхтавана ўжо тры даклады», — распавяла крыніца.

Дарэчы, у ЕС ужо быў прэцэдэнт, калі жонку былога прэзідэнта Кот-д’Івуара Гбагбо суд апраўдаў і зняў ёй забарону на яе ўезд у ЕЗ. Менавіта гэтым чыноўнікі тлумачаць сваю «прыдзірлівасць».

«Пасля Шадрыной — наступны на чарзе Пяфціеў, які ўжо пагражаў падаць у суд. Гэтаму фінансісту Лукашэнкі вельмі перашкаджаюць санкцыі Еўрасаюза. Сёння гэты чалавек нясе страты, ўскладненыя бізнес-кантакты. Справа Шадрыной для іх — тэст. За ейнай спіной стаяць беларускі КДБ разам з Пяфціевым», — мяркуе дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?