Невядомыя вывярнулі зь зямлі пяць помнікаў вайскоўцаў‑мусульман часоў першай усясьветнай вайны. Адну надмагільную пліту разьбілі.

Мусульманскія могілкі (у Слоніме іх называюць татарскімі) знаходзяцца прыкладна за пяць кілямэтраў ад гораду, у лесе. Учора імам‑старшыня аб’яднаньня слонімскіх мусульман Сулейман Байрашэўскі вярнуўся з паломніцтва ў Мэку, і прыхаджане адразу паведамілі яму непрыемную навіну.

(Байрашэўскі:) «Шостага студзеня заўважылі, што пяць помнікаў павалены і шосты разьбіты. Убачылі гэта, калі хавалі аднаго з мусульман. Але я быў на могілках яшчэ ў лістападзе і сьнежні – усё выглядала нармальна».

Са слоў Байрашэўскага, вывярнулі помнікі вайскоўцаў‑мусульман першай усясьветнай вайны, якія служылі ў царскім войску. Помнікі былі пастаўлены ў 20‑я гады мінулага стагодзьдзя, таму надпісы на іх зроблены па‑польску (тады Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы).

Сулейман Байрашэўскі паведаміў, што зьвернецца з заявай у міліцыю. Паводле яго, мусульманскім могілкам у Слоніме каля 300 гадоў і вернікі пасьлядоўна даглядаюць іх.

Слонімскі журналіст і краязнаўца Сяргей Чыгрын распавядае, што вандалы на гэтых могілках учыняюць шкоду ўжо ня першы раз.

Чыгрын: «Некалькі гадоў таму абмалявалі мячэт у Слоніме. А яшчэ ў Слоніме пару гадоў таму забілі маладых хлопцаў і закапалі на гэтых мусульманскіх могілках, якраз недалёка ад тых магіл, зь якіх нехта цяпер пазьдзекаваўся».

Нагадаю: акты вандалізму на Гарадзеншчыне адбываюцца не ўпершыню. Некалькі гадоў таму на гарадзенскіх вайсковых могілках нехта пазьбіваў крыжы на магілах польскіх вайскоўцаў. Яшчэ ў 50‑я гады на месцы старых габрэйскіх могілак збудавалі гарадзкі стадыён, а пазьней, падчас яго рэканструкцыі, выкапаныя парэшткі вывозілі на гарадзкі сьметнік.

Здымак Радыё Свабода>.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?