Спікер сейма Польшчы Гжэгаж Схетына лічыць неабходным прыцягнуць да адказнасці асоб, вінаватых у перадачы польскай пракуратурай у Мінск інфармацыі аб беларускіх апазіцыянерах.

«Пратэст МЗС, здзіўленне і абурэнне, якое мы чуем па гэтым пытанні, павінны прывесці да таго, што генеральны пракурор прыцягне да адказнасці людзей, якія дапусцілі такую сітуацыю», — цытуе Схетыну Gazeta Wyborcza.

Спікер падкрэсліў, што чакае поўнай інфармацыі па справе аб перадачы звестак беларускіх апазіцыянераў.

Тым часам, як паведамляюць польскія СМІ, сёння генпракурор Польшчы павінен азнаёміцца з вынікамі службовага расследавання акалічнасцяў выдачы беларускім уладам інфармацыі аб банкаўскім рахунку праваабаронцы Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўніка закрытага ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы маюць намер запатрабаваць ад генпракурора заклікаць да адказу вінаватых польскіх чыноўнікаў, а таксама дамагацца спынення дзеяння двухбаковага дагавора аб прававой дапамозе з Беларуссю.

Старшыня арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец, у прыватнасці, не выключыў, што ў Польшчы «ёсць карупцыянеры або тыя, хто працуе паводле замовы беларускіх спецслужбаў». Падставай для такога меркавання з’яўляюцца справы Алеся Бяляцкага, а таксама Андрэя Жукаўца і іншых беларусаў — палітычных бежанцаў, «якія на працягу многіх гадоў не могуць атрымаць прыстанак, а атрымліваюць толькі праблемы», сказаў ён у інтэрв’ю радыё «Рацыя».

Паводле слоў Міхнаўца, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці разам з польскімі дэмакратычнымі арганізацыямі маюць намер заклікаць афіцыйную Варшаву выпрацаваць прававыя механізмы супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі і паслядоўна іх прытрымлівацца, каб выключыць паўтарэнне сітуацый, падобных той, у якой апынуўся Бяляцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?