«У Мінску 116 рублёў ялавічына», — нечакана кажа пастаўшчык мяса, абвестка якога знайшлася ў інтэрнэце. Самі бачыце: ён адразу называе кошт у расійскіх рублях! 116 расійскіх рублёў — гэта 20 тысяч беларускіх, калі паводле курсу Нацбанка. Прыкладна па такіх коштах мяса на экспарт адпраўляе Барысаўскі мясакамбінат. «Беларускія грошы мяне не цікавяць», — тлумачыць прадпрымальнік.

Згодна са словамі другога «мяснога» прадпрымальніка, расіяне могуць скупіць мяса нават у 1,5 разу даражэй:

«Пакуль мяса няма, і не ведаю, калі будзе. Расія, усё едзе туды. Па-першае, яны даражэй скупляюць. Па-другое, плацяць валютай».

На Камароўскім рынку частка мясных шэрагаў пустуе. «Усё ў Расію сыходзіць, за долары. Закупка дарагая. Заўтра мяне тут наогул не будзе», — тлумачыць прадаўшчыца. А сёння яна прадае мяса па кошце ад 45 да 60 тысяч рублёў.

Іншая скардзіцца: маўляў, таго, што на дзень даюць, зусім не хапае. «Усё мяса на Маскву адсылаюць. Даюць па адной тушцы ў дзень. Закупка мяса ўжо па 20 тысяч». Прадаўшчыцы прызнаюцца: за мяса расіяне пераплачваюць. Гатовыя скупіць нават увесь прылавак.

«Тут курыца была па 15 тысяч за кілаграм.

Рускія падганяюць фуру, кажуць, давай забярэм за 17.
Цэлымі днямі стаяць пільнуюць, пакуль ім адпусцяць тавар. Калі забаронныя меры не ўвядуць, наогул мяса не будзе», — тлумачыць прадаўшчыца. Поруч з ёй пусты прылавак, дзе мусіла быць курыца. Відаць, ужо з’ехала фура…

Непадалёк месца, дзе курыца ўсё ж ёсць, але там чарга ў 30 чалавек. Каштуе ад 20 да 24 тысяч за кілаграм за розныя часткі тушкі. Апошняя ў чарзе па птушку — жанчына пенсійнага ўзросту. «Там нідзе няма. Пэўна, прывезлі ў адным месцы, таму стаіць такая чарга. Па-мойму, у краме нават танней». У чаргу становіцца іншая жанчына, уступае ў гутарку. «Не, не танней. Вось поруч грудка па 24 тысячы, а тут — 20».

А вось у мясакамбінатах упэўніваюць, што пастаўкі на Расію не пашыралі, яны нават зменшыліся. «Пастаўкі каўбасных вырабаў павялічыліся на Расію, а пастаўкі сыравіны зменшыліся. За паўгода пастаўкі павялічыліся на 30–35%. А пастаўкі сыравіны моцна зменшыліся», — гавораць у Барысаўскім мясакамбінаце.

У аддзеле збыту мясакамбіната гавораць, што сырое мяса яны амаль не прадаюць: перайшлі на выраб гатовай прадукцыі.
Яно і не дзіўна, бо на сырое мяса ёсць усталяваныя дзяржавай кошты, а на каўбасу — не.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?