У Беларусі разглядаецца пытанне закупкі новых узораў авіяцыйнай тэхнікі для ВПС, паведамілі БелТА ў Мінабароны.

Як падкрэслілі ў Міністэрстве абароны, далейшае ўдасканаленне і развіццё ВПС і войскаў СПА будзе ажыццяўляцца з улікам сусветных тэндэнцый. У найбліжэйшай будучыні авіяцыю плануецца пераўтварыць у род войскаў, абсталяваны шматфункцыянальнымі сучаснымі баявымі самалётамі. «Войскі будуць мець рацыянальную структуру і збалансаваны баявы склад», — адзначылі ў міністэрстве.

У ваенным ведамстве нагадалі, што ў 2006 годзе ўжо былі набытыя навучальна-трэніровачныя самалёты Л-39. Таксама была створаная навучальна-трэніровачная эскадрылля, што дазволіла ажыццяўляць увесь цыкл падрыхтоўкі баявых лётчыкаў непасрэдна на тэрыторыі краіны.

Як адзначаюць у Мінабароны, гэта дало магчымасць значна палепшыць падрыхтоўку будучых лётчыкаў. Выпускнікі авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі, атрымаўшы неабходную падрыхтоўку, паспяхова выконваюць неабходныя патрабаванні для прысваення ім кваліфікацыі «ваенны лётчык 3-га класа».

Цяпер у частках авіяцыі ВПС і войскаў СПА праходзяць службу 17 ваенных лётчыкаў-снайпераў, а таксама 160 лётчыкаў 1-2-га класа. Акрамя таго, пра ўзрослае майстэрства беларускіх ваенных лётчыкаў сведчаць рэгулярныя палёты з прызямленнем на аэрадромныя ўчасткі дарог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?