Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес, які праходзіў на Кубе лячэнне ад раку, заявіў у размове з журналістамі, што адчувае сябе выдатна, і пасля чарговага курсу лячэння ў яго не засталося метастазаў.

«У мяне няма метастазаў, нідзе ў маім целе не выяўлена ніводнай. У мяне выдатнае самаадчуванне», — паведаміў ён.

Чавес у нядзелю вярнуўся на радзіму з Кубы, дзе ён прайшоў другі курс хіміятэрапіі. У тэлефоннай размове з журналістамі ён сказаў, што поўны сіл і рашучасці працягнуць працу.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, у прыватнасці, што пасля другога курсу хіміятэрапіі ён адчуў менш пабочных эфектаў, чым мінулым разам. Цяпер абышлося без раздражнення скуры і млоснасці. Дактары ў хуткім часе вызначацца, ці патрэбен будзе яму трэці курс хіміятэрапіі, а таксама апрамяненне. Пакуль жа можна сказаць, што ракавых клетак у арганізме больш не знойдзена, і здаравее пацыент уражальнымі тэмпамі.

Аперацыя па выдаленні злаякаснай пухліны была праведзеная Чавесу 20 чэрвеня ў Гаване. Нягледзячы на гэта, прэзідэнт Венесуэлы ўжо заявіў пра намер выставіць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 2012 года.

Чавес таксама папярэдзіў суграмадзян, што да свайго звыклага ўсёй краіне ладу жыцця ён вернецца далёка не адразу: пакуль што яго арганізм слаба абаронены ад інфекцый. Таму Чавес прыслухаецца да парады свайго старэйшага таварыша, 85-гадовага лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра, і не будзе заўчасна абвяшчаць пра поўную перамогу над хваробай.

Пра параду Кастра ён сказаў наступнае: «Фідэль ва ўсім гэтым разбіраецца, як галоўны лекар. Калі мы развітваліся, ён сказаў: «Чавес, ты з’язджаеш — дык не забудзь: не дазваляй эмоцыям узяць кантроль над сабой… ты можаш пачаць пераконваць сябе, што з хваробай цалкам скончана, і людзі таксама павераць у гэта. Але не, хвароба яшчэ не пераможаная».

Дзяржаўнае тэлебачанне Венесуэлы перадало рэпартаж пра вяртанне Чавеса ў краіну: паказаўшыся на трапе самалёта ў аэрапорце Каракаса, ён спачатку абапіраўся на руку сваёй дачкі, але потым прадэманстраваў тэлегледачам, што можа стаяць на нагах і без старонняй дапамогі. У яго хапіла сіл і выступіць з крытыкай у адрас апазіцыі, абвінаваціўшы яе ў спробах справакаваць вонкавую агрэсію супраць Венесуэлы распаўсюджваннем ілжывых чутак, якія кажуць, быццам ён збіраецца ўтрымаць уладу гвалтоўным шляхам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?