Перад тым, як адправіцца ў адпачынак у Сочы, у Катары Аляксандр Лукашэнка са світай спыняліся ў фешэнэбельным гатэлі Four Season. Як выглядае гэты сеткавы гатэль у горадзе Доха, і дзе кіраўнік дзяржавы гасцяваў у свой папярэдні візіт у ААЭ — далей у фотасправаздачы «Салідарнасці».

Як вядома, другі дзень Лукашэнкі ў Катары быў прысвечаны нефармальным перамоваў. Ён зноў сустрэўся з кіраўніком дзяржавы шэйхам Хамадам бен Халіфой аль-Тані, як піша «СБ», але ўжо не ў строгіх інтэр’ерах рабочай рэзідэнцыі эміра, а ў фешэнэбельным гатэлі Four Season, дзе размясцілася ўся беларуская дэлегацыя.

Гатэль «Чатыры сезоны», або як яго яшчэ называюць — «Поры года», мае катэгорыю 5 зорак. Ён размешчаны на набярэжнай Корніш, у заходняй частцы затокі Дохі. З яго вокнаў адкрываецца цудоўны від на воды Аравійскай Затокі і прыстань для яхтаў.

З апісання гатэля. Вытанчаная ўнутраная і адкрытая абедзенная тэраса — з дзеючым на працягу ўсяго дня рэстаранчыкам на беразе, з ліванскай і французскай кухняй. Il Teatro — з выдатнай італьянскай кухняй. Грыль ля басейна. Library Bar і Cigar Lounge. Арабская кавярня і чайны бар. Гэта раскошны курорт з дванаццаццю масажнымі пакоямі, з тэрапіяй для скуры і цела. Пляж, з поўным наборам паслуг, і прыстань з яхтамі для водных відаў спорту.

У 2007-м, у свой папярэдні візіт у ААЭ — у Абу-Дабі — Лукашэнка са світай спыняўся ў адным з раскошных гатэляў свету — Emirates Palace. Гэты комплекс належыць ураду горада, а кіраўніцтва ажыццяўляецца сеткай гатэляў Кемпінскі.

Будынак гатэля — казачнай прыгажосці палац з традыцыйнай арабскай архітэктурай. У цэнтры палацавага комплексу ўзвышаецца вялікі купал, выкладзены каляровай мазаікай, ён акружаны купаламі паменш, усяго купалаў — 114, і кожны з іх ўпрыгожаны залатым шпілем.

У гатэлі акрамя «звычайных» нумароў ёсць 92 нумары катэгорыі Suite. Тамтэйшыя інтэр’еры могуць паспаборнічаць у раскошы з пакоямі каралеўскіх палацаў. Усе нумары аформлены ў арабскім стылі і абсталяваны апошнімі тэхнічнымі навінкамі.

Некалькі гадоў таму карэспандэнт «Салідарнасці» і яшчэ некалькі беларускіх журналістаў пабывалі на экскурсіі ў Emirates Palace. Мэнэджар гатэля правёў групу на шосты паверх — у с’ют, дзе спыняўся былы прэм’ер-міністр Брытаніі Тоні Блэр. Суткі пражывання ў такім нумары на той момант каштавалі больш за 10 тысяч даляраў. У суседнім с’юце, адзначыў «гід», раней спыняўся Уладзімір Пуцін.

Успомніў менеджэр і пра Аляксандра Лукашэнку. Паводле яго слоў, ён спыняўся на паверх вышэй. Гэта значыць на самым верхнім узроўні, дзе апартаментамі валодаюць выключна шэйхі.
Па іх запрашэнні там і гасцяваў кіраўнік Беларусі. Дарэчы, верхні паверх Emirates Palace недаступны для прагляду «простых смяротных».

Паводле апошніх паведамленняў прэс-службы Лукашэнкі, напярэдадні ў яго адбылася тэлефонная размова з прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавесам. У ходзе гутаркі яны дамовіліся аб хуткім дзелавым візіце беларускай дэлегацыі ў Венесуэлу. Таксама яны вызначацца з тэрмінамі візіту Лукашэнкі ў Венесуэлу.

Нагадаем, тыднем раней у інтэрнэт-СМІ прайшла інфармацыя, што кіраўнік Беларусі плануе адпачынак у Сочы. І хоць у санаторыі «Белая Русь» нам сказалі, што «калі б да нас ехаў Лукашэнка, мы б ужо падскоквалі», па звестках АФН, адпускнікі ўсё-ткі ўжо там.

Як паведамляецца на сайце, скончыўшы ў аўторак візіт у Катар, Лукашэнка адправіўся, як і планавалася, на адпачынак каля Сочы. Яго прыпынак там працягнецца не больш за тыдзень. У наступную сераду, 24 жніўня, яму давядзецца вярнуцца ў Мінск, каб падрыхтавацца да ўдзелу ў пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка РБ, абцяжаранага справаздачай ўрада па выніках работы эканомікі краіны ў 1-м паўгоддзі. Той самай нарады, ад якой чакаюць нейкіх кардынальных рашэнняў па валютным рынку Беларусі ...

У чацвер раніцай прэс-служба Лукашэнкі пацвердзіла: ён у Сочы, «дзе на працягу бліжэйшых некалькіх дзён будзе знаходзіцца на адпачынку», паведамляе БелТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?