Пра гэта стала вядома падчас сумеснага закрытага пасяджэння камітэтаў сейма Польшчы па міжнародных справах і па сувязях з палякамі замежжа, якое прайшло позна вечарам 17 жніўня і было прысвечана скандалу з выдачай беларускім уладам інфармацыі аб банкаўскім рахунку праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Як паведамляе польскае выданне Gazeta Wyborcza, у пасяджэнні ўзяў удзел генпракурор Польшчы Анджэй Серэмет. Члены камітэтаў хацелі даведацца, якія высновы ён зрабіў з сітуацыі з Бяляцкім, заявіў кіраўнік камітэта па міжнародных справах Анджэй Халіцкі.

Серэмет паведаміў дэпутатам, што адным з вынікаў справы Бяляцкага з’яўляецца частковае прыпынененне польска-беларускага пагаднення аб супрацоўніцтве пракуратур. Размова ідзе аб прыпыненні супрацоўніцтва «на ніжнім узроўні», удакладніў ён.

Частка дэпутатаў дамагалася прыпынення дзеяння ўсяго пагаднення, але Серэмет выступіў супраць. Паводле яго слоў, гэты дакумент дапамагае расследаваць звычайныя крымінальныя злачынствы, рэгуляваць сітуацыі са шлюбамі паміж грамадзянамі розных краін і бізнесам.

Удзельнікі пасяджэння дабіваліся ад генпракурора адназначнага адказу на пытанне: задаволіла яго ведамства запыт беларускага боку толькі наконт Бяляцкага? Серэмет запэўніў іх, што ўнутранае расследаванне ў пракуратуры не ўстанавіла іншых падобных выпадкаў.

Нагадаем, перададзеная ў Мінск інфармацыя аб замежных банкаўскіх рахунках віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага стала падставай для яго арышту. Праваабаронцу падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры, і з 4 жніўня ён знаходзіцца пад арыштам. Яму пагражае турэмнае зняволенне да сямі гадоў.

Інфармацыю аб рахунках Бяляцкага беларускім уладам перадаў Мінюст Літвы і Генпракуратура Польшчы. І ў Вільнюсе, і ў Варшаве заявілі, што ўлады Беларусі злоўжылі сістэмай міжнародных працэдур і дагавораў для рэпрэсій у дачыненні да ўласных грамадзян.

16 жніўня генпракурор Польшчы паведаміў на прэс-канферэнцыі, што ў сувязі са скандалам вакол Бяляцкага падаў у адстаўку кіраўнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Генпракуратуры Польшчы Кшыштаф Каршніцкі, а яго намеснік Ганна Вісьнеўска вызвалена ад пасады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?