Яе начальніца спрабавала «замяць» справу і пагражала пацярпелай звальненнем.

Здарылася гэта яшчэ 25 ліпеня. У адным з дзіцячых садоў Слуцка на вачах калег і дзяцей была збітая выхавальніца. Падрабязнасці інцыдэнта апісвае слуцкая газета «Інфа-кур’ер».

Пра гэта «IK» паведамілі бацькі дзяцей, якія наведваюць гэты дзіцячы сад. Адна з іх — Вольга Т. — распавяла, што каля паловы пятай вечара дзеці пад наглядам выхавальнікаў знаходзіліся на прагулцы, чакаючы сваіх бацькоў. Калі за адной з дзяўчынак прыйшла мама, выхавальніца (назавем яе Тамарай) сказала ёй пра тое, што ў дачкі невялікая тэмпература. Жанчына з дзяўчынкай сышла.

Але праз некаторы час яна вярнулася з цёткай дзяўчынкі, якая вырашыла «разабрацца з тымі, хто за пляменніцай не ўсачыў». Апускаючы дэталі, скажам, што цётка стала збіваць выхавальніцу. Пры дзецях, пры яе калегах. Частка з іх, уступіўшыся за Тамару, спыніла зьбіццё. Іншыя ў гэты час адводзілі дзяцей у групы.

Супрацоўніца дзіцячага садка С., якая выконвала абавязкі загадчыцы (тая была ў адпачынку), паведаміла аб здарэнні ў аддзел адукацыі. Але, па словах Тамары, далей не паведаміла і выклікаць міліцыю не стала. А даведаўшыся, што пацярпелая мае намер напісаць заяву на імя начальніка Слуцкага РАУС, папярэдзіла: «Калі напішаш, у сістэме адукацыі працаваць не будзеш». Аднак Тамару падтрымаў калектыў, і яна 27 ліпеня напісала заяву на імя начальніка міліцыі.

Размаўляючы з карэспандэнтам «IK», Тамара пацвердзіла: «С., карыстаючыся сваім часовым становішчам, «аказвала ціск на мяне і калектыў, каб усе замяць». Але загадчыца, калі выйшла на працу пасля адпачынку, заняла іншую пазіцыю: зло павінна быць пакарана.

«Ніхто з кіраўнікоў раённага ўзроўню на мяне не ціснуў і не душыў. Больш за тое, свае прабачэнні за тое, што адбылося асабіста прынесла мне Галіна Паўленка, галоўны спецыяліст па дашкольнаму выхаванню аддзела адукацыі райвыканкама», — сказала Тамара.

У часе размовы з ёй адчувалася, што прычыненую ёй маральную траўму яна перажывае значна вастрэй фізічнай болю: «Я любіла сваю прафесію, хай нават і грошы маленькія. Прапрацавала ў школах і садках амаль 20 гадоў. А зараз настроена сысці з адукацыі. Занадта шмат правоў дадзена бацькам, а карыстацца імі выхаванасці і культуры не ва ўсіх хапае».

Па словах Тамары, у адным выпадку выхавальнікі сутыкаюцца з адкрытым хамствам. У іншым — хтосьці можа адмыслова прыйсці за дзіцём у 19 гадзін, хоць садок працуе да 17.45. «Мы — работнікі адукацыі — безабаронныя. Я чытала ў вашай газеце ліст настаўніцы, якая не хоча, каб яе дзеці пайшлі працаваць у сферу адукацыі. Яна мае рацыю».

Слуцкім РАУС праведзена праверка, і 1 жніўня справа накіраваная ў суд. Збіццё выхавальніцы кваліфікавана па арт. 9.1. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях як наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання. Санкцыя артыкула прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Праз некалькі дзён пасля гэтага здарэння Тамара сышла ў адпачынак, каб, як яна сказала карэспандэнту «IK», «справіцца са стрэсам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?