Міністэрства працягне расследаванне абставінаў перадачы Беларусі інфармацыі пра Бяляцкага.

У чацвер кіраўнік дэпартамента міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Літвы Аўшра Бернацене вырашыла па ўласным жаданні сысці з пасады. Міністр юстыцыі Рэмігіюс Шымашус адразу задаволіў просьбу Бернацене. Паводле яго слоў, гэты крок кіраўніка дэпартамента не азначае, што не будзе працягвацца расследаванне аб усіх абставінах гэтага інцыдэнту. Працу працягне створаная ў міністэрстве рабочая група, таксама ўсе акалічнасці высвятляе камісія, створаная па даручэнні прэм’ера.

«Я паважаю рашэнне Бернацене, і лічу, што яно паказвае яе стаўленне да сваіх абавязкаў і тое, што адбылося непаразуменне. Цяпер у гэтай гісторыі галоўнае — каб мы маглі гарантаваць, што ў будучыні такія сітуацыі не будуць паўтарацца. Для таго, каб прылады прававой дапамогі не выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, мы павінны знайсці эфектыўны механізм і забяспечыць суладнае і своечасовае супрацоўніцтва паміж усімі ўстановамі», — сказаў Шымашус.

Міністр нагадаў, што Літва заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць дэмакратычныя дзяржавы і іх абарону як у Літве, так і за мяжой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?