12.01.2007 / 19:00

«Ваш выбар нічога ня значыць» 14

Аб тым, наколькі мэтазгодна гучыць гэты лёзунг старшыні Партыі БНФ, можна спрачацца. (Меркаваньні аўтараў у рубрыцы "Камэнтары" можа не супадаць зь меркаваньнем Рэдакцыі.)

Студэнт журналістыкі з унівэрсытэту Франкфурту-на-Одэры Бэрнгард Лякс правёў калядныя вакацыі ў Беларусі. Ён жыў у Зялёным Лузе і назіраў за выбарчай кампаніяй. Прапануем Вашай увазе ягоны артыкул.

Вінцук Вячорка балятуецца у Зялёным Лузе. На чорна-белай улётцы ён разважліва-інтэлігентна глядзіць на сваіх патэнцыйных выбаршчыкаў пад загалоўкам «Свабода. Незалежнасьць. Адраджэньне». Аб тым, наколькі мэтазгодна гэты лёзунг старшыні партыі БНФ гучыць у кантэксьце выбараў у мясцовы савет дэпутатаў, можна спрачацца (хіба савет прымае нейкія рашэньні па свабодзе, незалежнасьці й адраджэньню?). Менш пытаньняў наконт сваёй эфэктыўнасьці пакідае за сабою першая фраза ўступнага тэксту на улётцы: «Я іду на мясцовыя выбары, разумеючы, што яны нічога ня значаць».

Уявіце сабе на хвілінку, што Вы яшчэ ня ўпэўненыя, за каго хочаце ці будзеце ўвогуле галасаваць. Што Вы ня упэўнены апазыцыянэр, не стаялі на плошчы: што Вам некаторыя рэчы не падабаюцца ў сваім раёне, але Вы ня ведаеце, як бы іх лепей вырашыць. Словам, уяўляйце сябе тым электаратам, якога трэба заваяваць старшыні партыі БНФ сваёй улёткаю — бо праціўнікі Лукашэнкі збольшага ўсё адно прытрымліваюцца ягонага погляду. «Я іду на выбары, разумеючы, што яны нічога ня значаць». Ці пераканала бы Вас гэтая фраза? І, калі так, у чым?

Мяне яна не пераканае ў двух сэнсах: па-першае, я ня бачу ўжо ўвогуле аніякага сэнсу галасаваць, калі самі кандыдаты ад апазыцыі мне цьвердзяць, што гэта бессэнсоўна. Па-другое, я страчваю веру ў тое, што Вячорка цікавіцца тым, што адбываецца ў ягоным раёне. Карацей, ён мяне не пераканае ў канкрэтным кантэксьце гэтых выбараў. Я быў гатовы галасаваць за Вячорку. Але не на грунце такога падыходу да выбараў у мясцовы савет. Гэта несур’ёзны падыход. Нават больш ці менш пераканаўчая аргумэнтацыя сп.Вячоркі на зваротнай старонцы ўлёткі (газавай вайны можна было б пазьбегнуць, не арыентуючыся толькі на Расею, нам патрэбныя палітычныя й эканамічныя зьмены, нас чакаюць у Эўропе) не ратуе ад агульнага ўражаньня: чалавек крытыкуе слушна, але прапануе толькі варыянт зьмены кіраўніцтва ўлады — якой, зразумела, зараз ня будзе. Фактычна, сп.Вячорка пераканае сваіх прыхільнікаў у тым, што легальнае дзеяньне, дэмакратычны выбар — бязглузьдзіца. А таго, хто ў ягоныя прыхільнікі яшчэ ня трапіў, пераканае ў тым, што апазыцыі іхні раён «да лямпачкі».

Праблема многіх эўрапейскіх палітыкаў — адчуваньне людзей, што палітыка нічога не зьмяняе ў іхных жыцьцёвых праблемах. З гэтага выходзіць нежаданьне людзей адстойваць свой выбар — ну, за што змагацца, калі розьніцы няма? Вінцук Вячорка пераканае жыхароў свайго раёну акурат у іхняй апалітычнасьці, падмацаванай цэнтралізаванай сыстэмай аўтарытарнай дзяржавы. Ён іх пераканае ў тым, што ён, іхны кандыдат, ня толькі ня мае шансаў прайсьці ў савет, але з гэтай прычыны нават не задумаўся аб канкрэтных жыцьцёвых праблемах у Зялёным Лузе. Дый на што? Усё роўна ў савет ня трапіць. Спадар Вячорка тлумачыць людзям, што выйсьце з канкрэтных мясцовых праблемаў — гэта ня іхны мясцовы выбар, іхная актыўнасьць у сваім раёне, а «вялікая палітыка», прэзыдэнцкія выбары, вулічныя пратэсты. Але дэмакратыя, хочацца адказаць, мусіць пачынацца ня толькі са структуры («калі мы толькі зробім лепшую палітычную сыстэму, будзе й дэмакратыя»). Дэмакратыя расьце павольна, яна пачынаецца таксама з культуры, з каштоўнасьцяў, з уласнага досьведу чалавека, калі ён бачыць, што можа нешта зьмяніць (без таго, каб адразу ахвяраваць сваім жыцьцём, кідаючыся пад дручкі АМАПу). Мяркую, важней агітаваць людзей на канкрэтную палітычную актыўнасьць на месцах, якая дае ім адчуваньне, што яны самі могуць даць рады сваім праблемам без прэзыдэнта?супэрмэна, чым запэўніваць іх у тым, што толькі іншае кіраўніцтва краіны дапаможа.

Мы ўсе ведаем, што мясцовыя выбары, як і любыя іншыя выбары у сёньняшняй Беларусі, — ня болей чым фарс для падтрымкі фасаду дэмакратычнасьці. Зразумела, што апазыцыя іх скарыстаць перадусім дзеля распаўсюду сваіх палітычных поглядаў датычна разьвіцьця краіны. Тым болей, што іншых каналаў кантакту з выбаршчыкамі амаль не засталося. Стратэгічнае выказваньне — «мы выкарыстоўваем выбары для размовы зь людзьмі, але разумеем, што выбары нічога ня значаць» — цалкам зразумелае. Але ні ў якім разе нельга з такім выказваньнем падыходзіць да электарату — прынамсі, калі вы лічыце на тое, што зможаце здабыць новых прыхільнікаў.

Акрамя Вячоркаўскіх чорна-белых просьценькіх улётак, жыхары раёну таксама знайшлі ў сваіх паштовых скрынках перадвыбарную рэкляму ягонага суперніка Ўладзімера Галабурда, прадстаўніка ўлады, які рэклямуе сябе такім чынам: «Доверие, опыт, результат». Кандыдат абяцае сваім суседзям вырашэньне канкрэтных праблемаў: рамонт дамоў, стадыёны й кампутэрныя клясы ў сярэдніх школах, пабудову храму. Пры ўсіх адмоўных пачуцьцях да чалавека, які прадае сябе такой уладзе, мушу адзначыць: у яго ня толькі больш магчымасьцяў палепшыць становішча ў раёне, ён ня толькі можа ўказваць на ўжо адрамантаваныя дарогі й дамы. Ён падыходзіць да мяне як да выбаршчыка зь Зялёнага Лугу, а ня як да прыхільніка пераменаў. Такі падыход мае сэнс у тым, што ён не агрэсіўны, не накіраваны супраць кагосьці, але яднае, падкрэсьлівае калектыўную еднасьць нас, жыхароў раёну, у вырашэньні канкрэтных пытаньняў. Дык хочацца сказаць «свайму» кандыдату, сп. Вячорка: «Ня трэба адразу зьмяняць увесь сьвет, усю краіну. Праблемы пачынаюцца ў двары. Каб даць рады маім праблемам з ЖЭСам, які двары ня чысьціць і пры гэтым зьбірае штомесяц вялізарную квартплату, свабода (панятак, дарэчы, даволі абстрактны), незалежнасьць дый ужо дакладна адраджэньне мне ня дужа дапамогуць».

* * *

Ад Рэд. Мы былі ўражаныя, што Бэрнгард чыста піша і размаўляе па-беларуску. (Меркаваньні аўтараў у рубрыцы "Камэнтары" можа не супадаць зь меркаваньнем Рэдакцыі.)

Бэрнгард Лякс — спэцыяльна для «НН»

0
Ліс / Адказаць
12.01.2007 / 20:49
Супер! Усе штатныя палітыкі адпачываюць! Брава! Пішыце яшчэ для "НН" , шаноўны Бэрнгард Лякс.
0
Паўлюк / Адказаць
12.01.2007 / 21:12
шчыра кажучы, ня вельмі. хоць сп. Бэрнгард і зазначае: "Мы ўсе ведаем, што мясцовыя выбары... ня болей чым фарс для падтрымкі фасаду дэмакратычнасьці", - ва ўсёй рэшце тэсту гэтая яго "веда" ніяк ня ўлічваецца.
0
Паўлюк / Адказаць
12.01.2007 / 21:22
сп. Бэрнгард разважае, якім трэба (альбо ня трэба) быць Вячорку, каб быць добрым кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету. але ж калі б Вячорка ўспрымаў сябе самога тут як кандыдата ў дэпутаты, я б засумняваўся ў яго адэкватнасьці. ён паводзіць сябе адпаведна з дэкляраванай мэтай: "перадусім дзеля распаўсюду сваіх палітычных поглядаў датычна разьвіцьця краіны", - як яна зазначаная ў гэтым тэксьце.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру