Нізкія прахадныя балы абітурыентаў у 2011 годзе прымусілі загаварыць пра неабходнасць увядзення ніжняй планкі ацэнак, атрыманых на ЦТ для ўдзелу ў конкурсе на паступленне ў беларускія ВНУ. Асаблівы неспакой выклікаюць у гэтым сэнсе педагагічныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сёлета ў Беларусі студэнтамі ВНУ сталі каля 90 тысяч чалавек — на 3,2 тысячы менш, чым у летась, паведаміла кансультант Упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Марыя Карпенка. Памяншэнне колькасці першакурснікаў адбылося прапарцыйна памяншэнню колькасці выпускнікоў 11 класаў.

У дзяржаўныя навучальныя ўстановы залічана каля 78 тысяч студэнтаў, у тым ліку на дзённую форму навучання — амаль 44 тысячы (на 4,9 тысячы менш за леташні паказчык). З іх крыху больш за 25 тысяч будзе навучацца за кошт сродкаў бюджэту, каля 19 тысяч — на платнай аснове. Незапоўненымі засталіся 134 бюджэтных месцы. Гэты недабор азначае, што ў ВНУ бралі ўсіх, хто падаў дакументы, незалежна ад колькасці набраных балаў. І тое ахвотных не знайшлося.

Другі год запар прахадныя балы ў ВНУ зніжаюцца,
хоць, безумоўна, ёсць выключэнні. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце сёлета прахадныя балы, наадварот, выраслі. Самымі высокімі конкурсам і прахаднымі баламі на бюджэтнае аддзяленне традыцыйна вылучаюцца і медыцынскія ВНУ.

Максімальная колькасць балаў, якія можна набраць, — 400. Абітурыенты здаюць цэнтралізаванае тэставанне па трох прадметах, найлепшая адзнака па кожным з іх — 100 балаў. Да гэтай сумы дадаецца сярэдні бал атэстата, памножаны на 10. Ніякіх абмежаванняў па набраных на ЦТ балах няма. Нават калі абітурыент здае, умоўна кажучы, матэматыку на 2 з 100 балаў, ён можа ўдзельнічаць у конкурсе на паступленне ў ВНУ.

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце самы высокі прахадны бал на спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве»: для гараджан на бюджэтным аддзяленні — 263, а для вяскоўцаў — 248. Самы нізкі — на спецыяльнасці «канструяванне і вытворчасць вырабаў з кампазіцыйных матэрыялаў» (91) а таксама «машыны і апараты хімічных вытворчасцяў і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў» (112)

У Беларускім педагагічным універсітэце імя Танка на шэраг спецыяльнасцяў на бюджэтным аддзяленні наогул не было конкурсу.
І можна толькі здагадвацца, з якімі баламі абітурыенты рабіліся студэнтамі. Такімі спецыяльнасцямі сталі «Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова», «Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура», «Фізіка. Матэматыка», " Фізіка. Інфарматыка», «Фізіка. Тэхнічная творчасць». На спецыяльнасці «Матэматыка. Інфарматыка», " Фізіка. Матэматыка», «Фізіка. Інфарматыка», «Фізіка. Тэхнічная творчасць» конкурс адсутнічаў і ў мінулым годзе.

Самы маленькі конкурс быў на спецыяльнасці «Матэматыка» — 122 балы і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)»- 134 балы. Самы вялікі — на спецыяльнасці «Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія» (285 балаў).

На платным аддзяленні ўніверсітэта на спецыяльнасць «Геаграфія. Экскурсійна-краязнаўчая работа» прахадны бал быў 105. За рэдкім выключэннем, паступалі ўсе, хто падаваў дакументы.

На завочным платным наогул білі рэкорды. Студэнтамі рабіліся тыя, хто атрымаў… 70–80 з 400 балаў!
Так, прахадныя балы на спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія» — 80, «Пачатковая адукацыя» — 76, «Дашкольная адукацыя» — 81 бал.

Нават міністр адукацыі Сяргей Маскевіч 17 жніўня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА, адказваючы на пытанне, як гэта ў нас атрымліваецца, што студэнтамі робяцца тыя, што набралі ледзь не 10 балаў па ўсіх трох ЦТ, прызнаў, што гэта ўжо занадта: «Я лічу, што да наступнага года такога быць не павінна. Такія факты ёсць і не толькі ў платных ВНУ».

«У прынцыпе я згодны, што для таго, каб псіхалагічна ў грамадстве не было такога непаразумення, трэба ўсталяваць бар’ер — ніжнюю планку, прахадны бал, — адзначыў міністр. — 

І больш арыентавацца не на сістэму, якая цяпер функцыянуе, а на тое, каб гэтыя адзнакі былі абсалютна зразумелыя, каб людзі ўспрымалі. Калі максімальны бал — 100, а вынік — 8 балаў, то кожны ж разумее ўзровень ведаў. А калі паглядзець так, што найбольшая колькасць людзей атрымала 30 балаў, то быццам і не так гэта ўсё правальна».

Разам з тым ён падкрэсліў, што задача павінная быць не ў тым, каб паступіць, а ў тым, каб атрымаць веды: «І калі ў нас сфармавалася меркаванне, што для таго, каб вучыцца ў ВНУ, трэба мець высокі ўзровень зыходных ведаў, то ў многіх краінах наогул паступаюць без усялякіх экзаменаў — ідзі, запісвайся і вучыся».

Адзначым, што першапачаткова да ўдзелу ў конкурсным адборы дапускалі абітурыентаў, якія набіралі на ЦТ не менш за 20 тэставых балаў (у 2007 годзе мінімальная планка складала 15 тэставых балаў).

У 2008 годзе ўсталёўвалі станоўчую адзнаку ведаў ЦТ у разгар уступнай кампаніі. Тады вызначылі мінімальны вынік, з якім дапускалі да конкурсу, па матэматыцы гэта было восем балаў. Ніжняя мяжа пераводнай шкалы вынікаў цэнтралізаванага тэстання па прадметах вылічаецца з разліку 10% самых нізкіх адказаў на кожным асобна ўзятым выпрабаванні.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч, які мае педагагічны стаж больш за 35 гадоў, выступае за ўвядзенне найніжэйшай планкі ацэнак ЦТ для паступлення ў ВНУ: «Сапраўды, пакуль студэнтамі нават бюджэтных аддзяленняў ВНУ могуць стаць абітурыенты, якія набралі мінімальную колькасць балаў. Варта падумаць над тым, каб увесці планку балаў, з якімі можна браць удзел у конкурсе. Па-першае, частка абітурыентаў адсеецца на пачатковай стадыі ўступнай кампаніі. Па-другое, некаторыя стануць навучэнцамi установаў, якія даюць сярэдне-спецыяльную і прафесійную адукацыю. Уласна кажучы, менавіта ў такіх навучальных установах і месца людзям з невысокімі баламі».

Гаворачы пра мінімальную колькасць балаў, Здановіч адзначае, што, на яго думку, для ўдзелу ў конкурсе неабходна набраць як мінімум 10 балаў.

А што ж будзе з дзецьмі, якія, напрыклад, адораныя ў матэматыцы, але рускую мову ведаюць на «2»? Практыка паказвае, што адораныя ў матэматыцы дзеці нармальна даюць рады і рускай мове, кажа дэпутат. Акрамя таго, ёсць яшчэ адзін варыянт рашэння праблемы — бал за профільныя прадметы можа мець больш высокую вагу ў параўнанні з іншымі выпрабаваннямі.

Што да навучання ў ВНУ на платнай аснове, то Здановіч падкрэслівае: паколькі ўсім выпускнікам ВНУ выдаецца дыплом аднолькавага ўзору, найніжэйшую планку адзнак ЦТ неабходна ўводзіць таксама для ўсіх.

Гледзячы на нізкія прахадныя балы ў педагагічныя ВНУ, у Здановіча наогул «сэрца крывёю абліваецца».

«Якія б ні былі таленавітыя педагогі ў ВНУ, слабыя абітурыенты, хутчэй за ўсё, стануць слабымі студэнтамі, а ў будучыні — слабымі настаўнікамі. Калі яны прыйдуць у школу, будуць рыхтаваць дрэнных вучняў. На маю думку, напрыклад, слабы настаўнік фізікі — гэта ўдар па эканоміцы»,
 — тлумачыць сваю пазіцыю Здановіч.

На яго думку, для навучання ў педагагічных ВНУ неабходна зацікаўліваць найлепшых вучняў і адбіраць здольных да педагогікі яшчэ падчас іх навучання ў школе. У ВНУ іх неабходна зацікаўліваць і матэрыяльна, — напрыклад, даючы інтэрнат, павышаную стыпендыю.

«У нас ёсць шмат прэферэнцый для прадстаўнікоў сілавых структур. Але не менш важная ў грамадстве роля педагогаў. Яны граюць вызначальную ролю ў развіцці будучыні нашай дзяржавы»,
 — падкрэсліў Здановіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?