Прадстаўнікі беларускай апазіцыі ў Вільнюсе прапаноўваюць ураду Літвы праверыць і, магчыма, замарозіць банкаўскія рахункі беларускіх чыноўнікаў. Такую ініцыятыву вылучыў удзельнік арганізацыі "Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі" Ігар Каваленка на сустрэчы са старшынёй камітэта па замежных справах літоўскага сейма Эмануэлісам Зінгерысам.

"Будзем звяртацца да вашага ўрада з просьбай праверыць, ці няма ў беларускіх чыноўнікаў тут рахункаў", — цытуе Каваленку інфармацыйны партал Delfi.

Сёння, адзначыў ён, беларускія чыноўнікі, не ўключаныя ў чорны спіс Еўрасаюза, маюць магчымасць прыязджаць у Літву і адкрываць тут рахункі, на якіх, як мяркуе Каваленка, "хаваюць украдзеныя грошы".
Ён таксама заявіў, што апазіцыя можа перадаць спісы такіх чыноўнікаў. Калі ўладальнікі рахункаў не змогуць даказаць легальнасць выяўленых на іх сродкаў, то сродкі, паводле меркавання Каваленкі, павінны быць замарожаны ці канфіскаваны.

"Беларускія службовыя асобы — гэта стаўленікі Лукашэнкі, без яго благаславення ці благаславення яго атачэння ў Беларусі дзяржаўным служачым не станеш", — сказаў Каваленка.

А для таго каб мець магчымасць займацца "нелегальным бізнесам", чыноўнікі плацяць рэжыму "даніну",
дадаў апазіцыянер.

На сустрэчы з Зінгерысам абмяркоўваўся скандал з выдачай Мінску Мінюстам Літвы інфармацыі аб банкаўскіх рахунках беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, што стала падставай для яго арышту. Бяляцкі абвінавачваецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

У выніку скандалу пазбавілася пасады кіраўнік дэпартамента міжнароднага права Мінюста Літвы Аушра Бернатэне.

Звольнены і два супрацоўнікі Генпракуратуры Польшчы, якая таксама перадала беларускім уладам звесткі аб банкаўскім рахунку Бяляцкага.

Польскія і літоўскія ўлады сцвярджаюць, што Беларусь злоўжыла міжнароднымі пагадненнямі, выкарыстаўшы іх для рэпрэсій супраць сваіх грамадзян.

Замежныя рахункі былі адкрыты беларускімі праваабаронцамі ў сувязі з немагчымасцю легальна працаваць у Беларусі. Сродкі, што на іх паступалі, выкарыстоўваліся для аказання дапамогі рэпрэсаваным грамадзянам, растлумачылі актывісты закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?