Апошнім часам паменшылася колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць ідэю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, доктар сацыялагічных навук Ігар Катляроў.

Паводле яго слоў, як сведчаць вынікі сацыялагічнага маніторынгу, сёння 52% жыхароў краіны лічаць, што Беларусь і Расія павінны быць абсалютна незалежнымі дзяржавамі, жыць па міжнародных дагаворах. 40% беларусаў лічаць, што Беларусь і Расія павінны актыўна развіваць Саюзную дзяржаву. Для параўнання, 10 гадоў таму ў падтрымку Саюзнай дзяржавы выказваліся 80% беларусаў.

Толькі крыху больш за 2% беларусаў сёння лічаць, што Беларусь павінна ўвайсці ў склад Расійскай Федэрацыі як рэгіён.

Як мяркуе Катляроў, зніжэнне папулярнасці ідэі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі «звязана з грубымі памылкамі з боку некаторых кіраўнікоў, я думаю, першым чынам Расіі». «Гэта малочныя войны, дзесьці нафтавыя войны», — сказаў ён. Некаторыя палітыкі ў Расіі хочуць за кошт Беларусі «вырашыць свае праблемы, асабістыя, карпаратыўныя, і такім чынам, атрымаць нейкія дывідэнды».

Катляроў адзначыў, што, паводле вынікаў маніторынгу, колькасць людзей, якія падтрымліваюць ідэю стварэння Саюзнай дзяржавы, расце ў перыяды, калі Беларусь і Расія вырашаюць праблемы ў сваіх узаемаадносінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?