Адзін з найлепшых беларускіх гісторыкаў адышоў 20 жніўня, у 64 гады.

Віталь Скалабан нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна. Ён скончыў Ленінградскі ўніверсітэт у 1970 годзе. 3 1972-га працаваў у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» рэдактарам, пасля загадчыкам рэдакцыі.

Скалабан быў унікальным знаўцам гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Менавіта ён выявіў, хто быў аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе». Ён стаяў у вытоках стварэння найлепшых энцыклапедый на беларускай мове, у тым ліку 6-тамовай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Пры гэтым ён быў выдатным пісьменнікам: ён аўтар дзясяткаў публікацый у газетах і часопісах, пісаў пра постаці і эпіходы гісторыі.

Кандыдацкую ён абараніў даволі позна — у 1987 годзе. Доктарам навук так і не стаў: хоць ведаў і адкрыў больш за многіх дактароў.

Свае навуковыя зацікаўленні пазначаў як: Доўнар-Запольскі, Улашчык, Янка Купала, Гарэцкі, Ігнатоўскі, Платонаў, КПБ; гісторыя беларускага нацыянальнага руху, культура ХІХ-ХХ ст., пытанні гістарыяграфіі, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.

У 1995–2000 быў намеснікам дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

Заўжды вясёлы, ён быў душою асяродкаў, у якіх працаваў.

Адыход Віталя Скалабана — гэта страта для беларускай культуры, якую нават цяжка вымераць.

* * *

Развітанне з Віталём Скалабанам пройдзе ў аўторак, 23 жніўня, у зале рытуальных паслуг пры 9-й клінічнай бальніцы Мінска (Паўднёвы Захад, вул. Сямашкі, 8).

Пра гэта НН паведамілі ў Нацыянальным архіве са спасылкай на ўдаву гісторыка. Пачатак а 13-й.

Пахаваюць Віталя Скалабана на Паўночных могілках. Час пахавання будзе паведамлены пазней.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?