Да ліку галоўных «літаратурных» падзеяў мінулага году можна аднесьці зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ), які адбыўся пры канцы сьнежня. Разумеючы, што ўкладзеныя ў правядзеньне зьезду грошы трэба неяк адрабляць, і ведаючы, што гэта мерапрыемства атрымае шырокую рэкляму ў дзяржаўных СМІ, ягоныя арганізатары пасьпяшаліся зрабіць шэраг гучных заяў. У гэтым усіх пераўзышоў старшыня СПБ Мікола Чаргінец. Ён абвесьціў, што падначалены яму Саюз будзе адраджаць ідэі і традыцыі, якія заклалі ў аснову пісьменьніцкай арганізацыі Беларусі Янка Купала і Якуб Колас. Новыя «адраджэнцы» з высокай трыбуны ня толькі абяцалі‑запэўнівалі‑ўхвалялі (палітыку кіраўніцтва краіны, зразумела), але шмат і са смакам крытыкавалі. І ў першую чаргу — ідэйных апанэнтаў з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якія выракліся «творчасьці ў імя інтарэсаў народу». Надавалі кухталёў і «сваім», каб чужыя баяліся (памятаеце «маладнякоўцаў»?). Так, сакратар СПБ Георгі Марчук «выявіў» тэндэнцыю замоўчваньня твораў сяброў СПБ у дзяржвыданьнях. Таксама ён абрынуўся на літаратурных крытыкаў за тое, што яны недаацэньваюць творчасьць сяброў Саюзу, у прыватнасьці Эдуарда Скобелева.

Ня ведаю, як іншыя, але асабіста я заўсёды высока цаніў талент Эдуарда Марцінавіча як дзіцячага пісьменьніка. Я не разумею, чаму беларускія кнігавыдаўцы мараць, як ім надрукаваць хутчэй за расейцаў чарговы опус пра Гары Потэра, тады як у нас ужо ёсьць свой цудоўны бэстсэлер для падлеткаў. Маю на ўвазе аповесьць «Прыгоды Арбузіка і Бебешкі» Скобелева, якая дваццаць гадоў таму была выдадзена накладам у чвэрць мільёна экзэмпляраў і ўвадначасьсе зрабіла аўтара супэрпапулярным. Думаеце, сучасным дзецям і іхным бацькам яна ня прыйдзецца даспадобы? Вы памыляецеся. Па‑першае, Скобелеў стварыў філязофскую казку‑прытчу, а Джаан Роўлінг выпусьціла жуйку ў прыгожай вокладцы. Па‑другое, агрэсіўная маркетынгавая палітыка можа зрабіць цуд. Калі «Прыгоды Арбузіка і Бебешкі» сёньня даць у рукі Ксені Сітнік і паказаць па тэлевізіі, заўтра гэтую аповесьць будуць шукаць ва ўсіх кніжных крамах краіны.

Па‑трэцяе, сама кніга зусім не састарэла — яе героі застаюцца актуальнымі. Асабліва кароль‑вядзьмак Дулярыс, які забіў двух добрых чарадзеяў, што дапамаглі яму ў барацьбе за ўладу, і ператварыў большую частку жыхароў краіны ў трусоў і авечак. Як вам гэты вобраз? А рэплікі Дулярыса? Яны ж проста шыкоўныя: «Як бачыце, я кожны дзень выдумляю цудоўныя законы. Ні дня без закону — гэта добрая звычка. І вам, і мне яна прыносіць шмат здароўя і радасьці… Сёньня раніцай, прачнуўшыся, я падумаў: «Як добра, калі падданыя любяць свайго караля і не жадаюць нічога, чаго не жадае кароль!»

Акрамя таго, у Эдуарда Скобелева ёсьць цікавыя вершы. Напрыклад, «Чоко‑Моро» (2003) — «наш адказ» «Тараканищу» Карнея Чукоўскага. Паслухайце ўрывак зь яго: «Всем зверям без промедленья // покориться и молчать! // В обсужденья не встревать! // Я, ужасный Чоко‑Моро, // смел, как тигр, велик, как слон, // объявляю глупым вздором// вашу жизнь и ваш закон!» Цяпер вы разумееце, чаму знакаміты Сяргей Міхалкоў у свой час назваў Скобелева «добрым настаўнікам», які спрыяе «разьвіцьцю грамадзянскага мысьленьня»?

Вось такі цудоўны пісьменьнік ёсьць у Беларусі. І я згодны з Г.Марчуком: пра Скобелева трэба больш пісаць у беларускім друку. А кнігі ягоныя, дадам ад сябе, — выдаваць стотысячнымі накладамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?