12.01.2007 / 21:32

Папужалі, павучылі, забралі мільярд і папусьцілі Абноўлена 23.55 18

Мыты на экспарт нафты ў Беларусь складуць сёлета менш за 30 % ад устаноўленых для іншых краінаў і будуць у будучыні ўзрастаць прыкладна на 10 % за год. Такі вынік перамоваў Сідорскага і Фрадкова ў Маскве. Расея пакідае Беларусь на іголцы таннага паліва.

Расея будзе пастаўляць энэрганосьбіты для ўраду Лукашэнкі па льготных тарыфах. Мыты на экспарт нафты ў Беларусь складуць сёлета менш за 30 % ад устаноўленых для іншых краінаў і будуць у будучыні ўзрастаць прыкладна на 10 % за год. Такі вынік перамоваў Сідорскага і Фрадкова ў Маскве. Расея пакідае Беларусь на іголцы таннага паліва.

Па выніках двухдзённых перамоваў Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне паміж урадамі дзьвюх краін па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў.

Згодна з пагадненьнем, стаўка экспартнай пошліны на нафту для Беларусі ўсталявана з 1 студзеня 2007 году ў памеры 53 даляры за тону. Гэта 29,3 % ад стаўкі агульнага мыта, якое накладаецца на экспарт у іншыя краіны. Налета гэты працэнт уздымецца да 33,5. У 2009 годзе -- да 35,6.

Паводле прэм’ер-міністра Расеі Фрадкова, у 2007 г. пошліны з рээкспарту нафты зь Беларусі і пошліны з экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі будуць дзяліцца ў наступнай прапорцыі: 70 % Расеі і 30 % Беларусі. У 2008 г. стане 80 % і 20 %, у 2009 г. - 85 % і 15 %.

“Перамовы былі няпростымі, але на сканчальнай стадыі ў працу ўключыліся прэзыдэнты нашых краін [у пятніцу адбылася тэлефонная гутарка між Лукашэнкам і Пуціным]. У выніку мы ўзгоднілі агульны падыход”, -- заўважыў Фрадкоў. Паводле ягоных словаў, на сырую нафту, што пастаўляецца з Расеі, будзе брацца экспартная пошліна, разьлічаная зыходзячы з экспартнай пошліны на нафтапрадукты, што пастаўляюцца зь Беларусі і зробленыя з сырой расейскай нафты.

Паводле расейскага прэм’ера, такі мэханізм дазволіць расейскаму бюджэту ў 2007 г. атрымаць “нямногім больш аднаго мільярда даляраў”. Аднак, сказаў, Фрадкоў пры гэтым Расея будзе працягваць падтрымку эканомікі Беларусі ў рамках саюзьніцкіх пагадненьняў.

Датацыі для ўраду Лукашэнкі ў форме скідак на энэрганосьбіты складуць сёлета прыкладна 6 млрд даляраў.

Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын камэнтаваў дамову катэгарычна і цынічна: "Экспартаваць расейскую нафту й нафтапрадукты ў трэція краіны Беларусь зможа толькі па стаўках мытаў, устаноўленых у самой Расеі для аналягічнай прадукцыі. Калі будзе парушанае пагадненьне, падпісанае сёньня, хай нават і на адзін барэль, Расея ўвядзе мыты (180 даляраў за тону) зноў. Першае папярэджаньне каштавала Беларусі адзін мільярд даляраў у год".

Расейскі беларусазнаўца Аляксандар Фадзееў у інтэрвію парталу kreml.org гэтак патлумачыў сэнс падзеяў сьнежня-студзеня. Расея імкнецца паступова ўстанавіць кантроль над беларускай эканомікай, але баіцца нанесьці пры гэтай нанесьці ёй непапраўную шкоду, што магло б прывесьці да страты А.Лукашэнкам улады.

Устаноўленая схема не да канца празрыстая. У гэтым яна нагадвае "Росукрэнэрга", якое пастаўляе газ ва Ўкраіну. Скажам, кантроль рээкспарту нафтапрадуктаў Беларусьсю -- справа гнуткая. Яго заўжды можна будзе выкарыстаць, каб абвінаваціць нашу краіну ў парушэньні пагадненьняў. Фактычна, Беларусі зьменшылі павадок. Любое парушэньне А. Лукашэнкам палітычнай ляяльнасьці ці пэўных нефармальных эканамічных абяцаньняў можа зноў прывесьці да паліўнага шантажу.

МБ, інф. інфармацыйных агенцтваў

0
blog.grodno.net / Адказаць
13.01.2007 / 02:04
куды адпусцілі, вы што? страта 6% вуп - гэта адпусцілі? навіны па бт глядзелі? паглядзіце - такой антырасейшчыны яшчэ пэўна не было ніколі... так што нафтавы афшор зачынены - рыхтуемся да рэальнага рынку, спадары. ці да рэальнага бунту, калі рынку ўсё ж не будзе :))
0
Radzkal / Адказаць
13.01.2007 / 02:15
Прайграць Расея мо' й прайграла, але не Беларусі, а аб'яднанай Эўропе (цяпер ужо без карупцыянэраў і бальшых друзей крістальнава дімакрата Путіна, спсп. Шрэдэра й Бэрлюсконі), якая не зважала на няшчырыя падвываньні Расеі пра беларускую дыктатуру, а ўпарта дамагалася ад маскоўскіх кадэбэшна-крымінальных паханоў выкананьня міжнародных кантрактаў. Хацелася-б верыць, што рэжым выкарыстае гэты год, каб разьняволіць эканоміку ды плюралізаваць грамадзка-палітычнае жыцьцё. Ці ёсьць такія шанцы? Хто яго ведае. Цалкам можа здарыцца адваротнае. Ці скончыцца будаваньне РБ без Беларусі? Ці скончыцца русыфікацыйны шал? Ці беларускіх падлеткаў перастануць біць рускія фашысты ў міліцэйскіх і АМАПаўскіх мундурах за крык "Жыве Беларусь" ці проста за беларускую мову? Ці на БТ замест беснаватых рускамоўных і рускадушных аблічітілей біларускава нацыаналізма тыпу Азяронка зьявяцца па-сапраўднаму беларускія, годныя, спакойныя постаці - адпаведнікі Зінаіды Бандарэнкі ці Бураўкіна?
0
рэд. / Адказаць
13.01.2007 / 02:21
Дык не адпусьцілі ж, а папусьцілі. Каб жа ж -- адпусьцілі.
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру