"Відаць, у Расеі сёлета вырашылі ня кідаць Беларусь на цьвікі", — толькі што сказаў у этэры "Свабоды" экспэрт Леанід Заіка.

Канешне, ня надта і пашкадавалі. Аднак хвост прэфэрэнцыяў будуць адсякаць за некалькі разоў — і што да газу (гэта ўжо было вядома), і што да нафты (як стала вядома сёньня ўвечары пасьля перамоваў на змор).

Па, першае, мыта на экспарт нафты Масква значна зьнізіла — з 180 да 53 даляраў за тону. Па-другое, сваю долю пры падзеле мытаў на экспартаваныя нафтапрадукты расейцы будуць павялічваць паступова: сёлета забяруць 70%, праз год — 80%, у 2009-м — 85%.

Экспэрты кажуць, што Беларусь ужо сёлета страціць каля $2,5 млрд.

Гэта адчувальна, але ж — ці толькі пра страты трэба весьці гаворку?

Ёсьць падставы і для асьцярожнага аптымізму.

Ня той выпадак, вядома, каб пляскаць у ладкі. Вінцук Вячорка, напрыклад, канстатуе крах Лукашэнкавай палітыкі і як ягоны апанэнт трактуе сытуацыю цалкам лягічна.

Але, што б ні казалі, здачы незалежнасьці не адбылося. І рымэйк "братняй інтэграцыі" бадай ужо немагчымы.

Што да пэрспэктывы дачыненьняў з Расеяй, то, як толькі што зазначыў у гутарцы са мной палітоляг Андрэй Фёдараў, мэнтальна грамадзтва ўжо наўрад ці вернецца ў ранейшы стан. Яшчэ больш, кажа ён, дзеля піяраўскіх мэтаў уладзе зараз выгадна нагнятаць антыкрамлёўскую рыторыку, каб зваліць на расейскае кіраўніцтва адказнасьць за пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча.

Карацей, быў такі прыгожы "беларускі цуд", а потым прыйшоў расейскі паручнік Ржэўскі ды ўсё апошліў...

Так ці іначай, нават падобная дубовая прапаганда аб'ектыўна будзе спрыяць незалежніцкім настроям.

Нарэшце, суворыя імпэратывы стануць падштурхоўваць кіраўніцтва да рэфармаваньня "рынкавага сацыялізму". Хай сабе з-пад палкі, але працэс, магчыма, пачнецца. Бо другая альтэрнатыва — аўтаркія, а ў Беларусі чучхэ ўсё ж ня пройдзе.

Карацей, згаданыя $2,5 млрд. (ці колькі там налічаць у выніку адмыслоўцы) можна разглядаць і як своеасаблівы унёсак у справу ўмацаваньня сувэрэнітэту. Проста народы Балтыі разьлічыліся зь імпэрыяй раней, зараз — чарга беларусаў. Дурніца скончылася, і дзякуй богу. За сапраўдную незалежнасьць належыць плаціць.

Пытаньні ж да цяперашняй улады ўсё адно застаюцца, колькі б ні заклікаў афіцыёз падтрымаць яе ў ліхую часіну. Бо маглі б даўно жыць як людзі, без пэрспэктывы капаць зямлянкі, калі пачне вылазіць бокам "братняя інтэграцыя".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?