23.08.2011 / 15:26

Сітуацыя з аўтамабільнымі чэргамі на беларуска-літоўскай мяжы паступова стабілізуецца

паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Нагадаем, у сувязі з часовым закрыццём 21 жніўня пагранпераходу «Каменны Лог» на іншых пагранпераходах на беларуска-літоўскай мяжы штодня збіралася да дзвюх тысяч грузавых аўтамабіляў. Буйны пагранічны пункт «Каменны Лог/Мядзінінкай», які за суткі прапускаў тысячу-паўтары аўтамабіляў, да 23 жніўня быў закрыты з літоўскага боку на рамонт.

Як паведаміў Цішчанка,

сёння раніцай «Каменны Лог» пачаў працу, і «грузапаток разгрупаваўся» паміж пагранпераходамі «Катлоўка», «Каменны Лог», «Беняконі» і «Прывалка».
Паводле аператыўных звестак на 14.00, на пагранпераходзе «Каменны Лог» на выезд з Беларусі сабралася 500 грузавых аўтамабіляў і 90 легкавых, на ўезд — 100 і 60 адпаведна. На пагранпераходзе «Катлоўка» ў чарзе на выезд стаяць 480 грузавых аўтамабіляў, на ўезд — 260 грузавых і 20 легкавых. У «Беняконях» на выезд стаяць 420 грузавых аўтамабіляў, на ўезд — 80 грузавых і 40 легкавых, у «Прывалцы» — чарга з 350 машын толькі на выезд.

«У цэлым пагранпераходы працуюць у рэжыме сваёй сярэдняй прапускной здольнасці», — адзначыў Цішчанка. Паводле яго слоў, гэтаму спрыяе і штогадзіннае абнаўленне на сайце Дзяржпагранкамітэта інфармацыі аб наяўнай сітуацыі на мяжы. Гэту інфармацыю выкарыстоўваюць аўтаперавозчыкі для накіравання грузапатокаў.

Цішчанка таксама адзначыў, што зараз крыху актывізаваліся грузаперавозкі ў сувязі з выкананнем кантрактаў на пастаўку сельгаспрадукцыі новага ўраджаю ў Літву і Калінінградскую вобласць РФ. Акрамя гэтага, існуе праблема «па накіраванні патокаў з Калінінградскай вобласці РФ: расійскія аўтаперавозчыкі пакуль не могуць ездзіць цераз Польшчу з-за няпэўнасці з квотамі на грузаперавозкі».

Паводле меркавання прэс-сакратара, найбліжэйшым часам грузапатокі цераз беларускую мяжу «размяркуюцца раўнамерна», і пагранпераходы будуць працаваць у звычайным рэжыме.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру