Вечарам 22 жніўня супрацоўнікі Гомельскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі браканьера на рацэ Сож у Гомельскім раёне. Інфармацыя аб незаконнай лоўлі рыбы электравудай паступіла начальніку абласной прыродаахоўнай інспекцыі Вячаславу Рогалю.
Як паведамілі БелаПАН у абласной інспекцыі, жыхар вёскі Цяруха лавіў рыбу з выкарыстаннем забароненай прылады лоўлі — электралавільнай устаноўкі, прынцып работы якой заснаваны на выкарыстанні электрамагнітнага поля. У затрыманага канфіскаваны ўсе складаючыя часткі ўстаноўкі. Пры аглядзе на баку лодкі знойдзены прымацаваны электрапровад, які выконваў ролю зазямлення. У лодцы знойдзена і канфіскавана рыба агульнай вагой 7,6 кг. Дзеяннямі грамадзяніна прычынены ўрон навакольнаму асяроддзю ў памеры 5,6 млн. рублёў. Вырашаецца пытанне аб распачынанні справы па артыкуле 281 КК (незаконная здабыча рыбы).
Для параўнання: калі б грамадзянін вырашыў законна паласавацца рыбай, то за 5,6 млн. рублёў ён змог бы купіць 61 кг асятра, кошт якога ў гомельскіх магазінах роўны 91 тыс. рублёў за кг.