Беларускае пасольства ў Трыпалі (Лівія) працуе ў штатным рэжыме, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

«Пакуль мы не атрымалі якіх-небудзь паведамленняў аб інцыдэнтах, звязаных з беларускім пасольствам», — сказаў Савіных.

Інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што банда ўзброеных марадзёраў разрабавала пасольства Паўднёвай Карэі ў Трыпалі. Скарыстаўшыся хаосам, што пануе ў горадзе, прыкладна 30 чалавек уварваліся ў будынак паўднёвакарэйскай дыпмісіі. Тым часам у пасольстве знаходзіліся трое супрацоўнікаў. Аднак дыпламатаў рабаўнікі не кранулі, засяродзіўшыся на «матэрыяльных каштоўнасцях». Марадзёры вынеслі з пасольства тэлевізары і іншую электронную тэхніку, паведамляе Reuters.

Паводле слоў Савіных, МЗС Беларусі і пасольства ў Трыпалі працуюць «у цесным кантакце з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі іншых краін, для таго каб выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці для эвакуацыі беларускіх грамадзян, калі яны таго пажадаюць».

Як раней паведамілі ў беларускім пасольстве ў Трыпалі, ніхто з грамадзян Беларусі не скарыстаўся магчымасцю пакінуць Лівію. На консульскім уліку стаяць прыкладна 50 чалавек, але ў Лівіі знаходзіцца больш беларусаў, адзначылі ў дыппрадстаўніцтве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?