Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі генерал Валерый Фралоў стварыў у сацыяльнай сетцы facebook групу «Саюз афіцэраў і салдат».

«Група з’яўляецца агульнай ініцыятывай, падтрыманай многімі калегамі і паважанымі людзьмі, для якіх паняцці воінскага гонару, афіцэрскай прыстойнасці і барацьбы за справядлівасць не ператварыліся ў пустыя гукі», — гаворыцца ў заяве Фралова, які на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года быў членам каманды Андрэя Саннікава.

Паводле яго слоў, пакуль група не ставіць перад сабой «палітычных мэтаў, не выказвае ваяўнічых настрояў і ні ў якім разе не жадае непрыязнасці паміж людзьмі розных поглядаў і памкненняў». «Нашы матывы — разуменне абсурднасці сітуацыі, што складваецца ў краіне, і жаданне захаваць не толькі мірнае неба над галавой, але яшчэ і забяспечыць гэтым мірным небам нашых дзяцей і ўнукаў», — падкрэслівае Фралоў.

Ён таксама адзначыў, што група «Саюз афіцэраў і салдат» — гэта «спроба стварэння прадметнага дыскусійнага клуба, дзе сваімі думкамі могуць падзяліцца людзі, здольныя абараняць Радзіму».

«Тут ёсць месца для ўсіх. Для тых, хто абараняе цяперашнюю ўладу. Для тых, хто катэгарычна супраць гэтай улады.
І асабліва для тых, хто мае не толькі альтэрнатыўныя погляды, але яшчэ і канструктыўныя — здольныя вывесці на дыялог першых з другімі. Мы — салдаты і афіцэры сваёй краіны, а не проста дзяржавы. Давайце вырашаць пытанні сумесна», — прапаноўвае ініцыятар стварэння групы.

У каментары БелаПАН Фралоў адзначыў, што ў перспектыве ёсць сэнс стварыць на аснове інтэрнэт-групы рэальную арганізацыю. Але ў цяперашніх умовах гэта вельмі складана, дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?