Міністэрства эканомікі лічыць, што падставы для далейшага росту цэн захоўваюцца, заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання гэтага ведамства Антон Далгавечны 26 жніўня на брыфінгу ў Мінску.

Адным з асноўных фактараў, які вядзе да росту цэн, ён назваў множнасць курсаў беларускага рубля. «Мае месца множнасць курсаў, валютны рынак фрагментаваны, і мы рэальна не ведаем курсу, па якім праводзяцца здзелкі. Няма дакладных арыенціраў ні для рынку, ні для нас», — заявіў Далгавечны.

Такая сітуацыя, адзначыў ён, фарміруе значныя інфляцыйныя чаканні. «Па стане на сярэдзіну жніўня цэны выраслі з пачатку года на 45,8% і далёка выйшлі за межы прагнозных параметраў. Мы мяркуем, што рост спажывецкіх цэн будзе працягвацца», — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Ён таксама адзначыў, што сітуацыя з цэнамі да канца года будзе шмат у чым залежаць ад становішча спраў на валютным рынку — шмат «залежыць ад курсавых арыенціраў», якія ўстановяцца.

Цяпер, паведаміў прадстаўнік Мінэканомікі, урад і Нацыянальны банк выпрацоўваюць падыходы па выхадзе на адзіны курс. Пры гэтым Антон Далгавечны падкрэсліў: стрымліваць цэны адміністрацыйна эканамічна немэтазгодна. «Абмежаванне цэн — не з’яўляецца чымсьці добрым. Цэнавыя абмежаванні забіваюць малы бізнес», — патлумачыў ён.

На думку Далгавечнага, зніжэння цэн трэба дасягаць за кошт рыначных механізмаў, а менавіта — канкурэнцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?