Колькі часу таму генэрал Сухарэнка зрабіў апазыцыі вялікі камплімэнт, заявіўшы, што падчас мясцовых выбараў тая можа інсьпіраваць забурэньні. Затое пад заслону кампаніі спн.Ярмошына ўжыла бліскучы эпітэт, назваўшы гэтыя выбары "на дзіва камфортнымі для арганізатараў".

Адразу згадваецца рэкляма абутку. Сыстэма дасягнула ідэалу: выбары — як мяккія пантофлі.

Ведама ж, для самой ўлады. А вось для каго-кольвек з яе апанэнтаў перадвыбарчая актыўнасьць скончылася дыскамфортам на нарах.

Хаця асобныя дэмакраты, змагаючыся да канца, усё ж падпсавалі цалкам савецкі малюнак.

Каторы раз згадваецца показка пра дзьвюх жабаў у сьмятане:)

— Калі апазыцыянэры здымаюцца, вэртыкалі проста няма патрэбы фальшаваць, — кажа палітоляг Валер Карбалевіч. — Можна прыводзіць на ўчасткі любых назіральнікаў ды паказваць: усё чыста!

Галоўная ж хіба, на ягоную думку, у тым, што "аб'яднаная апазыцыя" насамрэч стала нагляднай ілюстрацыяй выслоўя "хто ў лес, а хто па дровы". У яе вылучэнцаў не было адзінай тактыкі, адзінага мэсыджу.

І калі ўжо здымацца, дык варта было рабіць гэта эфэктна, адным махам, з выразным тлумачэньнем прычынаў. Бо шараговы грамадзянін, што паставіў подпіс за вылучэньне апазыцыянэра, а на ўчастку даведаўся, што той самаўхіліўся, — наступным разам яшчэ добра падумае, ці даваць такому аўтограф.

"Усе мясцовыя Саветы дэпутатаў 25-га скліканьня сфармаваныя ў правамоцным складзе", — рапартуюць афіцыйныя мэдыі са слоў Мікалая Лазавіка.

Нешта муляе у фармулёўцы.

І раптам зразумеў: "мясцовыя саветы" — анахранізм!

У сэнсе, што сам тэрмін — рэліктавы.

Ён узьнік у тыя часы, калі акрамя рэгіянальных быў яшчэ Вярхоўны Савет.

Цяпер можна казаць проста "саветы", бо НЕ-мясцовых няма.

Але рэлікт захаваны нават у Выбарчым кодэксе.

Як у музэі. На памяць пра той парлямэнт, які называлі па-рознаму, але не кішэнным.

Дарэчы, выглядае на тое, што для выбаркамаў могуць настаць меней камфортныя часы.

Учора Аляксандар Лукашэнка прапанаваў сумяшчаць мясцовыя ды парлямэнцкія выбары. Маўляў, эканомія. Дый народ меней торгаць будзем.

Другое меркаваньне падаецца ключавым. Улада паслядоўна імкнецца мінімізаваць электаральныя кампаніі "ў сыстэмны латак".

Крый божа пусьціць іскру палітызацыі! Вось і учора прагучаў наказ, каб новаабраныя дэпутаты не ўлягалі ў палітыканства.

Адметна, што ідэю (імаверна, спантанную) афіцыйнага кіраўніка ладзіць дзьве электаральныя кампаніі ў адным фляконе спн.Ярмошына пракамэнтавала без энтузіязму. Прынамсі, клопату дадасца.

Але найбольшы дыскамфорт уладам можа стварыць празь нейкі час распаўзаньне па швох "беларускага эканамічнага цуду".

Вось і Пуцін зноў падсыпаў солі на раны, заявіўшы пра няўхільнае скарачэньне прэфэрэнцыяў.

Калі ж навісьне пагроза пралетарскіх флэш-мобаў , дык на адмысловае майстэрства арганізатараў выбараў будзе цяжка ўжо спадзявацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?