Старшынёй Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ зноў выбраны Зянон Пазняк. З’езд партыі прайшоў 27 жніўня ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода.

Пазняк абраны на безальтэрнатыўнай аснове, за яго аднагалосна прагаласавалі ўсе 88 дэлегатаў, якія ўзялі ўдзел у з’ездзе.

Намеснікамі старшыні КХП-БНФ выбраны Юрый Беленькі і Сяргей Папкоў.

З’езд таксама выбраў 36 членаў сойма партыі і рэвізійную камісію.

На форуме КХП-БНФ прынята некалькі рэзалюцый. У адной з іх, пра эканамічную сітуацыю ў краіне, гаворыцца, што крызіс выкліканы дзеяннямі беларускіх улад, якія дэманструюць няздольнасць выратаваць нацыянальную эканоміку. Паводле меркавання дэлегатаў з’езда,

Аляксандр Лукашэнка павінен неадкладна падаць у адстаўку, каб даць магчымасць больш кампетэнтным палітыкам вывесці краіну з крызісу.

У рэзалюцыі супраць будаўніцтва АЭС утрымліваецца патрабаванне адмовіцца ад планаў будаўніцтва станцыі. Дэлегаты адзначаюць, што ўзвядзенне АЭС не толькі небяспечна, але і эканамічна не абгрунтавана.

Яшчэ адна рэзалюцыя прынята ў абарону беларускай мовы і нацыянальнай культуры.

З’езд таксама прыняў зварот да дэмакратычных краін. У ім гаворыцца, што беларускі народ доўгі час пазбаўлены дэмакратычных выбараў. КХП-БНФ патрабуе ад міжнароднай супольнасці не падтрымліваць беларускі рэжым, у тым ліку фінансава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?