Моцны вецер нарабіў шкоды па ўсёй Беларусі. Паводле прэс‑службы МНС без электраэнэргіі засталіся больш за 550 беларускіх паселішчаў. У палове зь іх да 12 гадзіны была адноўленая падача электраэнэргіі. Усяго ў выніку шквалістага ветру, што апанаваў Беларусь у апошні час, пацярпела каля 670 паселішчаў. Найбольш дасталося Менскай і Берасьцейскай абласьцям.

Пашкоджаныя 84 жылыя пабудовы, каля 280 сельскагаспадарчых збудаваньняў, 27 км лініяў электраперадачаў. У Салігорскім раёне абрынуўся прыпынак, людзі атрымалі траўмы. У некаторых раёнах падразьдзяленьні МНС пераведзеныя ва ўзмоцнены рэжым.

У Менску праз стыхію спыняўся грамадзкі транспарт.З-за пашкоджаньня лініі электраперадачаў каля станцый мэтро «Акадэмія навук» ды «Аўтазаводзкая» спыніліся тралейбусы. Як і ў мінулы чацьвер на лінію павалілася дрэва. У першай палове дня ўзьніклі праблемы з травайным рухам па вуліцы Даўгабродзкай каля вуліцы Кашавага. Балазе, паблізу ёсьць кальцо й трамваі маглі вяртацца назад у мікрараён Серабранка. Паведамляецца таксама пра прыпыненьне руху цягнікоў на чыгунцы.

Ад стыхіі разам зь Беларусяй церпіць уся Эўропа. У Нямеччыне — сур’ёзныя перабоі ў руху транспарту, вецер сягае 180 км/г. Ня ходзяць паромы ў Ля‑Маншы, праблемы на чыгунцы ў Вялікабрытаніі. Нарабіў вецер шкоды і ў суседзкіх краінах Балтыі й Расеі.

Фота з форуму onliner.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?