Па словах Дар’і Ліпкінай, яе падабароннаму ніхто не прапаноўваў напісаць прашэнне аб памілаванні.

Адвакат палітычнага зняволенага Мікіты Ліхавіда Дар’я Ліпкіна сустрэлася са сваім падабаронным у калоніі №10 у Наваполацку. Мікіта зараз пакараны змяшчэннем у памяшканне камернага тыпу за некалькі парушэнняў рэжыму.

Ён адмаўляецца прызнаваць сябе вінаватым і зыходзячы з гэтага не выконвае некаторыя патрабаванні ўнутранага распарадку.

Спачатку размова адваката і падабароннага ішла праз шкло, як пры кароткатэрміновых спатканнях. Але пасля таго, як Ліхавід напісаў заяву, у якой прасіў дазволіць сустрэчу з адвакатам у памяшканні, яна працягнулася ў асобным памяшканні:

— Мы з ім абмяркоўвалі працоўныя пытанні, падрыхтоўку надзорнай скаргі ў прыватнасці. Што датычыць яго стасункаў, на нестатутныя стасункі Мікіта мне не скардзіўся, пра канфлікты не паведамляў.

Па словах Дар’і Ліпкінай, да яе падабароннага ніхто не звяртаўся з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта.

Разам з адвакатам у калонію прыехала і маці палітзняволенага Алена Ліхавід. Яна сустрэлася з урачом гэтай установы:

— Я сустрэлася з урачом калоніі, ён сказаў што Мікіта прайшоў прызначанае лячэнне, што цяпер ён не скардзіцца на страўнік, кожны дзень праходзіць медычны агляд, дзе яму мераюць ціск. Канешне, урач не хавае, што ён худы, бледны з-за таго, што правёў тры месяцы ў ШЫЗА без паветра, без святла.

Па словах Алены Ліхавід, у памяшканні камернага тыпу Мікіта ўтрымліваецца ў камеры, дзе знаходзіцца яшчэ 4 асуджаных. У Мікіты ёсць свой ложак.

Па словах маці палітычнага зняволенага, яна прасіла адваката паведаміць сыну аб сваёй падтрымцы, калі ён адмовіцца пісаць прашэнне аб памілаванні.

«Яго павінен апраўдаць і вызваліць суд, а не нехта сваім рашэннем, можа быць, у стане агоніі. А я ўсё вытрымаю і прайду і буду яго чакаць», — сказала Алена Ліхавід.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?