Як жа надакучыла гэтая эпапея з валютай, гэтая бясконцая хлусня, гэты цынізм! Шмат розных правільных слоў сказана пра прычыны адсутнасці валюты ў абменных пунктах і нежаданне ўлады перайсці на адзіны валютны курс, аднолькавы для ўсіх. Але адна прычына чамусьці ўпарта не згадваецца. Хоць я не выключаю, што яна з ліку самых галоўных. Піша Святлана Калінкіна.

Усе ведаюць, што ў валютнай праблемы ёсць простае эканамічнае рашэнне. Рынкавы курс, які ўсталёўваецца без умяшання дзяржавы. Так, ён паказвае рэальную цану нацыянальнай валюты і рэальную цану нашага «эканамічнага цуду». Вырадак у гэтым люстэрку прыгажуном сябе не ўбачыць. Затое не трэба ўлазіць у новыя пазыкі, маліць, упрошваць іншыя дзяржавы — ад Расіі да Катара — даць нам грошай на выжыванне; не трэба цішком гандлявацца за беларускія заводы і нетры; не трэба нікога падманваць.

Але рашэнні, якіх патрабуюць законы эканомікі, — гэта не для краіны, якая сваім «асаблівым шляхам» упэўнена ідзе да банкруцтва. І ўжо цэлыя тэорыі выбудаваныя, чаму пераход на адзіны валютны курс немэтазгодны. З мая краіну ліхаманіць, а чыноўнікі рознага ўзроўню робяць выгляд, што тытанічнымі намаганнямі спрабуюць вырашыць праблему. Але чым даўжэй цягнецца гэтая сітуацыя — тым для некаторых лепш. Нездарма ж гаворыцца, што для каго вайна, а для каго — маці родная. І на розніцы курсаў валют асобныя дзеячы зараз багацеюць.

Маючы доступ да СКВ па афіцыйнаму курсу Нацыянальнага банка, яны становяцца мільянерамі, зарабляюць грошы проста з паветра. Таму што калі дзяржава дала легальную магчымасць набыць валюту па 5 тысяч рублёў за даляр, а прадаць па дзесяць, то на кожным мільёне даляраў шчасліўчык наварвае «левы» мільён.
Для сябе і заступнікаў. Суперрентабельны бізнэс! І, вядома, маючы такія барышы, яны гучней за ўсіх гавораць пра тое, што ні ў якім разе нельга пераходзіць на рэальны курс, так як гэта, маўляў, будзе прызнаннем правалу афіцыйнай эканамічнай палітыкі. Прычым, звярніце ўвагу, кажуць тыя, хто вельмі зручна прыладзіўся пры гэтай самай палітыцы. І я падазраю, што на высокія матывы многім з іх пляваць, іх цікавяць толькі ўласныя кашалькі, уласнае багацце.
Каго мы падманваем, вывешваючы ў катыроўках валют кошт даляра, эквівалентную пяці тысячам беларускіх рублёў? У кошт якога тавару закладзены такі курс? Няма адказу на гэтыя пытанні, таму што ніхто і нідзе не лічыць кошты па гэтым курсе.

Вось, напрыклад, купляла я на рынку камбалу. Яе, як вядома, у нашых рэках не вылавіць, гэта значыць рыбу закуплялі за валюту. Пытаюся ў прадаўца: «Па якім курсе цэны лічыце?» Ён шчыра адказвае: «Восем пяцьсот за даляр».

Узважылі мне дыньку. Яна аж на 72 тысячы беларускіх рублёў пацягнула!

«Так, гэта жах! — Прызнала прадавец. — Але хто вінаваты, што беларускі рубель нічога не варты?»

У дыню, як вы разумееце, таксама курс не ў 5000 беларускіх рублёў закладзены. Дык для каго гэты афіцыйны курс? Для сваіх.

Упэўненая, многія дырэктары заводаў, якія працуюць на экспарт і маюць на рахунках валюту, зараз робяць грошы; чыноўнікі, падпісваць тыя самыя запаветныя паперкі, што даюць права доступу да даляраў па афіцыйным курсе, банкіры, у руках якіх не толькі абменнікі ... А на словах усе гэтыя людзі выключна пра народ клапоцяцца. Балабоняць, як змовіўшыся, што калі народу назваць рэальны курс даляра, то гэта будзе шок. Быццам народ ужо цяпер не па рэальным курсе рыбу купляе. Або дыні. Ці алей сланечнікавы.

Дагаварыліся да таго, што даляр простаму чалавеку зусім не патрэбен. Сапраўды, навошта? Навошта яму аб заўтрашнім дні думаць? Навошта думаць пра тое, што ўчора за сто тысяч рублёў можна было купіць пяць кілаграмаў мяса, а сёння — два?
Навошта збіраць грошы на пахаванне, калі наша добрая дзяржава за свой кошт у якой-небудзь фанернай скрыні пахавае? Нацыянальны банк нават цынічна рэкамендаваў, каб абменнікі, якія знаходзяцца ў буйных гандлёвых цэнтрах і на рынках, працавалі толькі на куплю валюты, але не на яе продаж. І ўсё гэта пад выглядам неабходнасці збору валюты на сацыяльна значныя патрэбы. А на самай справе нямала гэтых грошай пойдзе на чорны рынак, толькі па курсе удвая больш афіцыйнага. Законы эканомікі працуюць. Грошы робяць грошы. Толькі працуюць так, што пакуль адны з кожным днём бяднеюць, іншыя становяцца мільянерамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?