Галоўны трэнер беларускай футбольнай зборнай Бернд Штанге разлічвае на чатыры ачкі ў адборачных матчах чэмпіянату Еўропы-2012 супраць Босніі і Герцагавіны (2 верасня дома, 6 верасня ў гасцях).

«Баснійцы дакладна сказалі, што ім патрэбныя чатыры ачкі ў матчах з намі. Наша мэта такая ж. Гэта канфлікт інтарэсаў, які нам трэба вырашыць», — сказаў Штанге на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 жніўня.

Паводле яго слоў, сапернік вельмі моцны індывідуальна, і гэтаму трэба супрацьпаставіць зладжаныя камандныя дзеянні. «Баснійцы цудоўна выконваюць стандартныя становішчы, моцныя ў атацы і контратацы, — заявіў трэнер. — Але ёсць і слабыя месцы, якія мы пастараемся выкарыстаць. Вельмі важна не парушаць правілы. Спадзяемся на поўны стадыён, падтрымку балельшчыкаў і ўсёй краіны. Наша мэта — перамога ў пятніцу. Мяне не цікавіць, як згуляюць Францыя з Румыніяй — толькі наш матч».

Нямецкі спецыяліст адзначыў, што

траўмы гульцоў БАТЭ Віталя Радзівонава і Аляксандра Юрэвіча ў нядзельным матчы супраць мінскага «Дынама» сталі для яго шокам.
«Сёння вечарам у Юрэвіча будзе апошняе абследаванне, але сітуацыя нядобрая», — паведаміў Штанге. Замест Юрэвіча выкліканы яго аднаклубнік Максім Бардачоў. Раней прэс-служба ФК БАТЭ паведаміла, што Радзівонаў 29 жніўня вылятае ў Германію для ўстанаўлення канчатковага дыягназу.

Нападаючы Сяргей Карніленка, які перайшоў днямі з «Зеніта» ў «Крылы Саветаў», быў выкліканы ў зборную пазней чым асноўная група, але раней, чым быў траўмаваны Радзівонаў. «Паглядзіце, колькі хвілін згуляў Карніленка за апошнія паўгода. Тое, што я раблю, — гэта падарунак для яго», — заявіў Штанге, адказваючы на пытанне аб матывах сваіх дзеянняў. Паводле слоў Штанге, з Карніленкам ён знаходзіўся ў пастаянным кантакце ўвесь апошні тыдзень. «Ён прыедзе і ведае што рабіць», — заявіў трэнер.

На яго думку, кожны гулец зборнай цяпер думае, што мае апошні шанс згуляць «у вялікім турніры». «Мы павінны сумленна прызнаць, што адборачная група чэмпіянату свету-2014 з Францыяй і Іспаніяй для нас на памер больш, чым трэба», — вобразна выказаўся Штанге.

Ён таксама паведаміў, што федэрацыя звярнулася ва УЕФА з просьбай дазволіць камандзе выйсці на поле 2 верасня з жалобнымі павязкамі з нагоды смерці адміністратара зборнай Уладзіміра Еўсюка. 27 жніўня ён памёр на 38-м годзе жыцця ў цягніку «Масква — Мінск». У расійскай сталіцы Яўсюк здаваў дакументы ў пасольства Босніі і Герцагавіны.

2 верасня ў групе D адбудуцца таксама матчы Люксембург — Румынія і Албанія — Францыя. Становішча каманд: Францыя — 13 ачкоў (6 гульняў; розніца мячоў 9–2), Беларусь — 12 (7; 6–2), Боснія і Герцагавіна — 10 (6; 8–7), Румынія — 8 (6; 8–6), Албанія — 8 (6; 4–6), Люксембург — 1 (7; 1–13).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?