Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пачынаючы з сярэдзіны верасня на валютна-фондавай біржы адкрыецца дадатковая сесія, на якой курс беларускага рубля будзе вызначацца на аснове попыту і прапановы.
Пасля гэтага ўсе абменнікі будуць павінныя купляць і прадаваць валюту па рынкавым курсе.

«Курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапановай, як і любы іншы тавар. Мы штучна падтрымліваць курс не плануем», — заявіў А. Лукашэнка ў аўторак на нарадзе па сацыяльна-эканамічных пытаннях.

Будуць адмененыя льготы для экспарцёраў, якія маглі прадаваць не ўсю валютную выручку.

Лукашэнка абяцае, што

рублёвыя ўклады можна будзе перавесці ў валютныя.

Наступны загад: Дзяржкантролю і праваахоўнікам дазволяць праводзіць пазачарговыя праверкі, каб стабілізаваць валютны рынак.

Лукашэнка патрабуе акумуляваць звышдаходы ад росту цэнаў у спецфонды. Грошы з іх будуць ісці на падтрымку насельніцтва.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу цвёрда кантраляваць «спекулянтаў, якія штучна нагнятаюць сітуацыю». «Гэта датычыцца і сродкаў масавай інфармацыі». Нацбанк павінен штодня адсочваць сітуацыю, пры неабходнасці ўмешвацца, збіваючы спекулятыўныя напады. «Сродкі для гэтага ёсць», — заявіў А.Лукашэнка.

Не пазней за кастрычнік валюту пачнуць прадаваць толькі па пашпарце.
Гэтая электронная сістэма будзе збіраць інфармацыю пра кожнага беларуса-пакупніка валюты.

Лукашэнка загадвае спыніць эмісію. «Катэгарычна патрабую: усе будоўлі і праекты павінны фінансавацца за кошт здаровых неэмісійных крыніцаў», — заявіў ён.

Па словах Лукашэнкі, найбольш вострыя праблемы ў эканоміцы, у прыватнасці,

сітуацыю з валютай ўдасца вырашыць на працягу гэтага года.

Лукашэнка: «Да канца года ў эканоміку Беларусі будзе прыцягнута не менш за $5 мільярдаў ад стратэгічных інвестараў».

* * *

Лукашэнка зноў прадэманстраваў негатоўнасць перайсці да рынку. Дваістасць курсаў пакіне карупцыйны складнік у размеркаванні валюты і па-ранейшаму будзе прымушаць прадпрыемствы хаваць сваю выручку. Яна ж стане істотнай перашкодай для атрымання крэдытаў ад МВФ і ЕўрАзЭСа. Затое дапаможа падтрымліваць статыстычныя паказчыкі. Сярэдні заробак і ВУП можна лічыць па адным курсе, а, напрыклад, прыток укладаў - па рынкавым.

Заяўляючы пра "свабодны курс", Лукашэнка тым не менш стварае безліч дадатковых умоваў і патрабаванняў да яго фарміравання. Улік пакупнікоў валюты падтрымае чорны рынак, бо беларусы не захочуць дэманстраваць дзяржаве свае даляравыя патрэбы.

Асобныя ж заявы, накшталт пераводу рублёвых укладаў у валютныя, застаюцца звычайнай дэмагогіяй. На іх рэалізацыю ў краіны банальна няма грошай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?