Тое, што пачулі ўчора грамадзяне Беларусі пра круглы стол улады, апазіцыі і прадстаўнікоў Еўропы ды Расіі, — голая дэкларацыя. Можна сказаць — дэмагагічны жэст. Або нават экспромт. Ці пробный шар. Сур’ёзныя прапановы гэтак не робяцца. У сур’ёзных прапановах называюццца: мэты, месца, час, магчымыя ўдзельнікі дыялогу, парадак дня, і нават прапануецца праект рэгламенту.
Нарэшце, у сур’ёзнай прапанове павінна быць паказана, як гэты круглы стол будзе асвятляцца ў СМІ — перш-наперш электронных, якія ў нас належаць выключна дзяржаве.

Усяго гэтага ніхто з палітычнага класу, апроч, мабыць, Лукашэнкі, не чуў і бачыў.

І такое пытанне: што прапанаваў Лукашэнка — дыялог ці перамовы?

Калі дыялог, дык гэта пустая гаварыльня, прастарэкванне. «Пасядзелі, пагалдзелі, разышліся».

Калі перамовы, дык яны павінны скончыцца падпісаным ўсімі бакамі і абавязковым для іх дакументам. Або не скончыцца.

Пра тое, што сам Лукашэнка не ведае, што ён канкрэтна прапануе, сведчыць стыль, тон прапановы: «сядаць за стол (круглы, квадратны)». Гэта не тон дзяржаўнага мужа.

Лукашэнка нават не вызначыўся канкрэтна, каму ж канкрэтна ён прапанаваў або збіраецца прапанаваць удзел у дыялогу (ці перамовах?). «Я прапанаваў і Еўрапейскаму саюзу, хацеў бы прапанаваць і Расеі, іншым еўрапейскім і міжнародным структурам накіраваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў гэтым круглым стале».

Калі нейкі бок прапануе перамовы іншаму, ён (прынамсі вонкава) дэманструе павагу да яго. Лукашэнка ж запрашае замежных прадстаўнікоў, каб яны заадно паглядзелі, «хто ў нас чаго варты, якія ідэі вылучае і якія мэты перад сабой ставіць». У гэтых словах крыецца непавага да прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі. Намякаецца на тое, што яго апаненты мала чаго вартыя або зусім нічога не вартыя. Акрамя таго, крыецца намер Лукашэнкі выкарыстаць дыялог (ці перамовы?) для дэмагогіі. На ўзбраенне бярэцца бальшавіцкая тактыка. Так і згадваецца Леў Троцкі, які мірныя перамовы з Нямеччынай і яе саюзнікамі ў Берасці выкарыстоўваў для прапаганды.

Такія форма і змест заявы Лукашэнкі.

Прычына гэтай заявы відавочная: сістэмны крызіс, недавер большасці грамадзян да ўлады і самога Лукашэнкі, да іх палітыкі.

Ужо каторы раз даводзіцца падкрэсліць, што Лукашэнка ніякі не стратэг, што ў сваёй палітыцы ён кіруецца не нацыянальнымі, а асабістымі інтарэсамі. Адсутнасць стратэгіі, тактыка «абы дзень прастаяць і ноч пратрымацца» прывяла краіну ў тупік. Беларусь стаіць напярэдадні дэфолту.

Беларусі патрабуюцца кардынальныя, рэвалюцыйныя паводле свайго зместу рэформы.

У заяве Лукашэнкі нічога канкрэтнага не сказана наконт мэты дыялогу (перамоваў?). А менавіта пытанне аб рэформах і перш-наперш аб рэформе палітычнынага ладу краіны павінна стаяць на парадку дня дыялогу (перамоваў?).

Мэта ў Лукашэнкі адна — пратрымацца ва ўладзе як мага даўжэй. Ён ведае, што яго палітыка — шэраг памылак і, мякка сказаўшы, адхіленняў ад нормаў права. Самая вялікая праблема для яго — сыход з улады. Ён ведае, што яго чакае пасля гэтага сыходу. Таму адмаўляцца ад улады яму няма сэнсу.

Пратрымацца ва ўладзе і трымацца за ўладу Лукашэнку дапамагае выбудаваная ім палітычная сістэма, палітычны рэжым. Што-небудзь мяняць у гэтай сістэме і рэжыме ў бок дэмакратызацыі ён не мае ніякага намеру. Заўважце:

Ён нічога не сказаў аб патрэбе палітычных пераменаў.

Выкажу і такую думку: Лукашэнка прапанаваў нейкі круглы стол з мэтаю зноў увесці ў зман Захад і зноў атрымаць на падтрымку свайго рэжыму грошы. Наступае час выплачваць даўгі. І Лукашэнка хацеў бы адцягнуць тэрміны і ўмовы іх выплаты.

Падмануць Захад яму ўжо ўдавалася ў 2008-м і 2010-м гадах, калі ён абяцаў больш-менш справядлівыя выбары. Захад і сам быў рады падмануцца.

Падманваўся не толькі Захад, але і некаторыя нашы дэмакратычна настрореныя грамадзяне, якія лічаць сябе палітыкамі.

Пра тое, якое павінна быць стаўленне дэмакратычнай апазіцыі да заявы Лукашэнкі, — тэма асобнага артыкула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?